З рэек сышлі сем вагонаў. Здарэньне адбылося а 15 гадзіне 15 ліпеня, таварны цягнік рухаўся ў бок Менску з Воршы.
У тэлеграм-канале NEXTA зьявілася інфармацыя пра тое, што на ўчастку чыгункі Менск — Ворша з рэек сышлі некалькі вагонаў таварнага цягніка. Неафіцыйны акаўнт Беларускай чыгункі «Ўкантакце» ўдакладняе, што здарэньне адбылося на перагоне Прыяміна — Крупкі. Гэта крыху больш як за 100 км ад Менску.
На афіцыйным сайце Беларускай чыгункі паведамляецца, што з рэек сышлі 7 вагонаў таварнага цягніка, пацярпелых няма. Агулам у складзе цягніка было 89 вагонаў. Здарэньне адбылося а 15 гадзіне, калі цягнік рухаўся з Воршы ў Менск. Прычына здарэньня пакуль невядомая. Як мінімум два цягнікі (Менск — Віцебск і Баранавічы — Віцебск) ідуць па зьмененым маршруце.