У некалькіх краінах сьвету 13 ліпеня праходзяць акцыі ў падтрымку Алега Сянцова. Украінскаму рэжысэру, якога ў Расеі абвінавацілі ў тэрарызьме і пасадзілі ў турму на 20 гадоў, сёньня спаўняецца 43 гады, паведамляе «Настоящее время».
Гэта ўжо шосты дзень нараджэньня, які Алег Сянцоў сустракае за кратамі.
У Кіеве і іншых гарадах Украіны акцыі праходзяць у фармаце флэш-мобу «Сянцоў +». Іх удзельнікі ня толькі выказваюць падтрымку рэжысэру, але і патрабуюць вызваліць іншых грамадзян Украіны, якія зазналі перасьлед у Расеі. Гэта арыштаваныя пасьля расейскай анэксіі 2014 году крымскія татары і захопленыя ФСБ у Керчанскай пратоцы экіпажы ўкраінскіх караблёў.
Удзельнікі флэшмобаў пішуць лісты са словамі падтрымкі, адрасаваныя ўкраінскім палітвязьням. На прымеркаваных да дня нараджэньня Алега Сянцова імпрэзах паказваюць яго фільмы і зачытваюць творы рэжысэра.
Да акцыі салідарнасьці далучыліся Масква, Менск, Лёндан, Люксэмбург, Мюнхен, Бэрлін, Рыга, Нью-Ёрк, Люблін і Галіфакс.
Міністэрства замежных спраў Украіны ў чарговы раз заклікала Расею вызваліць незаконна зьняволенага ўкраінскага рэжысэра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ліст Алега Сянцова зь няволі: «Я выжыў»- Алег Сянцоў — ураджэнец Крыму, неаднаразова выступаў супраць анэксіі паўвострава Расеяй.
- У жніўні 2015 году Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў яго да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме.
- Сянцоў сваю віну не прызнаў і на працэсе заяўляў, што яго катавалі. Тэрмін ён адбывае ў калёніі ў горадзе Лабытнангі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Расеі.
- У калёніі Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў у Расеі. Ён пратрымаўся больш за 140 дзён, але быў вымушаны спыніць галоўку, калі кіраўніцтва калёніі вырашыла карміць яго прымусова і даваць сэдатыўные прэпараты. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць палітвязьняў у Расеі перавысіла 230, — даклад
- Украіна і пераважная большасьць праваабаронцаў лічаць справу Сянцова палітычнай і патрабуюць яго неадкладнага вызваленьня.
- 25 кастрычніка Эўрапарлямэнт прысудзіў Сянцову прэмію імя Сахарава, адну з самых прэстыжных сусьветных узнагародаў у галіне абароны правоў.
- 13 ліпеня 2018 году маці рэжысэра Людміла Сянцова папрасіла Ўладзіміра Пуціна аб памілаваньні сына, але атрымала фармальную адмову.