Нямецкі стартап хоча, каб мы чыталі больш, чытаючы значна менш

Ілюстрацыйнае фота

Набірае папулярнасьць праграма для смартфонаў (даступная таксама для звычайных браўзэраў), мэта якой — кардынальна зьмяніць нашы навыкі традыцыйнага чытаньня.

Праграму прыдумалі трое маладых людзей з Бэрліну, які сёньня ўяўляе сабою цэнтар эўрапейскіх стартапаў і тэхналягічных інавацый.

Чытацкі стартап з Бэрліну называецца Blinkist.

Як працуе аплікацыя Blinkist?

Галоўнае мэню ў апплікацыі Blinkist

Blinkist выбірае самае важнае сярод кніг сусьветнай літаратуры нон-фікшн і робіць кароткія артыкулы-пераказы. З дапамогай Blinkist карыстальнікі на сёньняшні дзень маюць магчымасьць чытаць (ці слухаць) больш за 3 тысячы адмыслова выбраных твораў аўтарства найлепшых розумаў нашага сьвету і не марнаваць пры гэтым зашмат свайго часу, бо прачытаць пераказ адной кнігі можна ўсяго за 15 хвілін.

Пераказ кнігі складаецца зь некалькіх так званых «мірганьняў» (ангельск.: blinks), якія імкнуцца данесьці да чытача галоўныя ідэі, прапанаваныя ў кнізе. Кожнае «мірганьне» адпавядае адной старонцы на экране смартфона або кампутара і выконвае функцыю разьмежаваньня матэрыялу — дазваляе карыстальніку лёгка пераварыць думку аўтара кнігі ды атрымаць інфармацыю ў досыць сыстэматызаваным выглядзе. Усяго такіх «мірганьняў» звычайна штук пяць на твор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Google навучылі перакладаць надпісы зь беларускай мовы ў рэальным часе

Новы спосаб навучаньня

Знайсьці вольны час для чытаньня бывае даволі цяжка, але гэта не азначае, што ад кніг трэба адмаўляцца. Blinkist выкарыстоўвае тэхніку мікранавучаньня — падае чытачу інфармацыю ў дробных порцыях. Гэта дазваляе лепш запамінаць неабходную інфармацыю і больш эфэктыўна выкарыстоўваць тыя нешматлікія вольныя хвіліны, якія зьяўляюцца ў штодзённай рутыне.

Напрыклад, кніга Мішэля Фуко «Вар’яцтва і цывілізацыя» ў Blinkist прадстаўлена 7 «мірганьнямі», якія дазваляюць зразумець галоўныя ідэі кнігі за 10 хвілін (ці крыху больш, залежыць ад хуткасьці чытаньня).

На сёньня Blinkist прапануе больш за 3 тысячы пераказаў кніг у 27 катэгорыях, і кожны месяц туды дадаюцца 40 новых твораў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэхналёгіі, якія зьменяць наша жыцьцё

На навуковых падставах

Пераказы кніг у Blinkist створаныя з улікам сучасных нэўрапсыхалягічных дасьледаваньняў запамінаньня і разуменьня інфармацыі чалавечым мозгам. У кампаніі працуе група экспэртаў з 60 чалавек, праца якіх палягае ў тым, каб адабраць ключавыя ідэі кніг у «мірганьні». У Blinkist немагчыма знайсьці працу робатам, бо кампанія лічыць, што людзі працуюць з кнігамі нашмат лепей за любы штучны інтэлект.

Заснавальнікі стартапу Blinkist: Ніклас Янсен, Тобіяс Балінг і Хольгер Займ

Задарма і за грошы

На гэты момант інавацыйны прадукт мае дзьве вэрсіі — звычайную ды прэміяльную. Звычайная вэрсія бясплатная, але мае абмежаваньне — яна дазваляе пазнаёміцца з адным, выпадкова выбраным для чытача, творам за дзень.

Прэміяльная вэрсія, у сваю чаргу, дае магчымасьць карыстацца ўсімі рэсурсамі Blinkist, сярод якіх ёсьць і доступ да аўдыёфармату, магчымасьць перанесьці кароткі зьмест на Kindle, карыстацца бібліятэкай без інтэрнэт-сувязі і шмат што іншае. Каштуе прэміяльная вэрсія 12 даляраў на месяц, альбо 70 даляраў на год.

Новы карыстальнік мае магчымасьць асабіста паспрабаваць гэтую праграму і пераканацца, ці яна яму сапраўды патрэбная — прэміяльную вэрсію Blinkist можна запампаваць бясплатна на сямідзённы тэрмін. Для гэтага замаўляецца гадавая падпіска, якую можна скасаваць на працягу сямі дзён — галоўнае толькі памятаць, што ёсьць рызыка заплаціць за ўвесь год наперад, калі не пасьпець яе своечасова адмяніць.

Падрыхтаваў Ян Поклад