Культавая кнігарня, якая за 9 гадоў зрабілася цёплым прытулкам такой часам беднай і маркотнай беларускай літаратуры, з 16 ліпеня пераяжджае практычна ў адно памяшканьне з антыкварнай крамай «Буржуазныя каштоўнасьці». А зь верасьня пераходзіць у фармат перасоўнай бібліятэкі. Мы схадзілі на вылазіны і пагаварылі зь людзьмі, якія сабраліся хто на сьвята, хто на хаўтуры.
Ігар Логвінаў, выдавец: «Вельмі кепска нам стала вельмі даўно»
«Вельмі кепска нам стала вельмі даўно. Нам не па сродках была гэтая крама, і мы працавалі ўжо для таго, каб зарабіць грошы і аддаць за арэнду, і ў гэтай жудасьці выжываньня, а ня радасьці, мы апошнія два-тры гады знаходзімся.
Калі мы адкрываліся, мы былі першая свабодная культурная пляцоўка. Пасьля іх зьявілася шмат, і гэта клясна, няма ніякага сэнсу трымацца за месца. Мы шмат гадоў выношвалі плян набыць вялікі аўтобус, нагрузіць аўтарамі, музыкамі, кніжкамі — і паехаць па краіне. Зь верасьня мы пачнём, і да Новага году зробім першыя 20 падарожжаў.
Мне вельмі падабаецца ідэя спалучаць кніжкі і штосьці яшчэ. Пару гадоў таму Артур Вакараў адкрыў краму «Буржуазныя каштоўнасьці», куды прывозіць на продаж старую мэблю, і я гады два таму пачаў яго прасіць: «Давай ты прывязеш гэтую мэблю да нас, а мы расставім на ёй кніжкі, і нешта з гэтага будзе». Ён не пагадзіўся, а пасьля сам прыйшоў і сказаў: «А навошта мне прывозіць да вас мэблю, давайце, вы прывезяце да мяне кніжкі, і мы паспрабуем гэта зрабіць.
Стаўленьне да беларускай літаратуры заўсёды было неадэкватнае. Яна вельмі цікавая, клясная, але яна ніколі не асацыюецца з грашыма, з посьпехам. З адчуваньнем пэўнага шчасьця. Паспрабуем гэта зламаць».
Яўген Ціханаў, дырэктар кнігарні «Логвінаў»: «Гэта крутое месца, але ўсё трошкі закансэрвавалася»
«На новым месцы пачаць іначай вельмі проста. Узяць толькі лепшае, што ўжо назьбіралася, і спрабаваць штосьці іншае. У ідэале хацелася, каб кнігарня заўсёды была перасоўная, каб у яе ніколі не было фіксаванага пункту, але каб быў свой вялікі аўтобус з кніжкамі і яна б заўжды вандравала».
Юлія Цімафеева, паэтка, перакладчыца: «Мы мусім паплакаць пра гэта»
«Нам дазвалялася тут рабіць што заўгодна: мы ня толькі выступалі, але й адзначалі сьвяты, Новы год, дні народзінаў і г.д. Я проста хачу верыць, што гэты будынак не зьнясуць і ў выніку хаця б шыльду павесяць пра тое, што тут стаяла кнігарня „Логвінаў“. А ў новага месца будзе іншая спэцыфіка: гэта дарагія рэчы, а пісьменьнікі збольшага людзі вельмі небагатыя, і наколькі гэта ўсё будзе спалучацца — кнігі, небагатыя пісьменьнікі і дарагія рэчы, — я пакуль ня ведаю».
Альгерд Бахарэвіч, пісьменьнік: «Гэта месца было сымбалічным для мяне»
«Я тады жыў у Гамбургу, і для мяне гэта была нечаканая і страшэнна прыемная навіна: ну нарэшце ў Менску адкрылася месца, пра якое я марыў: месца свабоды, месца для літаратуры, месца для пісьменьнікаў. Тут я са сваімі чытачамі сустракаўся, тут мы зь Юляй (Цімафеевай — РС.) пачалі сустракацца. Проста сьлёзы наварочваюцца — таму я сёньня ў чорных акулярах. Такіх месцаў у Менску насамрэч вельмі мала, і тое, што іх робіцца менш, ува мне пасяляе жах».
Максім Жбанкоў, культуроляг, крытык, журналіст: «Галоўнае, каб людзі стваралі месцы»
«Я ўпершыню быў тут, калі ўвогуле не было кніжак, проста белыя сьцены. І Ігар Логвінаў нешта ліхаманкава фарбаваў. Гэта была прастора чыстай магчымасьці. І яе больш няма. І мне крыху сумна. Акрамя галерэі «Ў», кнігарні і бара, тут яшчэ была дызайнэрская агенцыя Артура Вакарава і Ветра Мэханічнага. Гэта была фантастычная канцэнтрацыя крэатыўнай моцы. Вось такое сутыкненьне я магу параўнаць толькі з фабрыкай Эндзі Ўорхала ў Нью-Ёрку, дзе побач суіснавалі фатографы, мастакі, поп-артысты, рок-музыкі, альтэрнатыўныя кінематаграфісты і гэта ўсё існавала ў адзінай такой віхуры магчымасьцяў — акурат тое, што было ў лепшыя часы тут. Гэтае месца, пакуль сюды не прыйшоў Логвінаў з суполкай, было прасторай шклатары. Прасторай калекцыянаваньня і арганізацыі пустэчаў.
Валянцін Акудовіч, філёзаф, паэт, крытык: «Хачу тост падняць і выпіць на хаўтурах»
«Вельмі прыгожы быў нябожчык — гэтае месца і гэтыя людзі. Але, як казалі ў дынастычную эпоху ў Францыі, памёр кароль, віват кароль! Трэба варушыцца, і мне найбольш сымпатычна, што выдавецтва, кнігарня разумее, што трэба варушыцца. Бо калі штосьці перастае варушыцца, яно ператвараецца ў труп».
Ігар Бабкоў, паэт, пісьменьнік, філёзаф: «Пры ўсёй сваёй прыўкраснасьці — гэта чорная дзірка, якая высмоктвала рэсурсы»
«І камізм сытуацыі палягаў у тым, што ўсе літаратары, якія не атрымлівалі ганарараў, разумелі, што нашыя грошы ідуць на ўтрыманьне гэтай прасторы. А чалавек, які меў прыбытак з гэтага, — звычайны менскі бізнэсовец, які ціха сядзіць у Гішпаніі, мае там вілу і радасна пражывае сваё жыцьцё. Усё наадварот: ня бізнэс дае грошы паэтам і літаратарам, а менскія літаратары ўтрымліваюць беларускага бізнэсоўца, каб ён шчасьліва ў Гішпаніі дапіў сваю малагу. Гэта я так, саркастычна крышачку. Можа быць, на новым месцы гэта зьменіцца, і гэта будзе ня толькі цёплым месцам, але яшчэ і бізнэсам. Зычу кнігарні бясконцых рэінкарнацый з кожным новым пакаленьнем».
Вальжына Морт, паэтка: «Думаю, што мы атрымаем, а не страцім, бо ўсё, што мы маглі страціць, ужо страцілі»
«Я спадзяюся, што гэтыя зьмены да лепшага: вось дождж ідзе, як на вясельле, — значыць, усё да лепшага. Гэта сэрца Менску, і гэта перасадка сэрца, а мы проста робім апэрацыю. Але мы вельмі добрыя хірургі».
Адам Глобус, пісьменьнік, паэт, выдавец, мастак: «Дзень сьмерці лепей, чым дзень нараджэньня»
«Гэта ў Эклезіяста сказана. І я ніколі не разумеў, наколькі гэта сапраўды сутнаснае выказваньне. А яно сутнаснае. Разьвітаньне з кнігарняй — гэта даволі сьвяточны дзень. Але шкада разьвітацца зь месцам. Таму што кнігарня ўваскрэсьне, а месца крышку шкада. Хай людзі пакрыўдзяцца на мяне, але я ўпэўнены, што месца важнейшае. Усе сыходзяць зараз на Кастрычніцкую вуліцу, кажуць, што мы там усё адновім. Новае пакаленьне — так. А старэйшыя ўжо не. Мы згубім частку пакаленьня. У старым узросьце цяжка мяняць кватэру. Але каля крамы „Буржуазныя каштоўнасьці“ таксама ёсьць мэтро. Цяпер усё мераецца адлегласьцю да мэтро.
Кнігарні я жадаю, каб яны выдалі мой збор твораў. І яны сказалі, што гэта будзе першы збор твораў пасьля сьмерці, дык я хацеў бы, каб пры жыцьці ўсё ж».
Кнігарня, якая салідарызавала беларусаў
У 2015 годзе ў кнігарні «Логвінаў» атрымалася салідарызаваць беларусаў. Тады эканамічны суд Менску абавязаў кнігарню заплаціць амаль 66 тысяч даляраў штрафу за гандаль безь ліцэнзіі: папярэдне кнігарня шэсьць разоў безвынікова спрабавала атрымаць рэгістрацыю на гандаль кнігамі. Грошы сабралі за тры месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кнігарня «ЛогвінаЎ» сабрала ўсе грошы на штрафЯк выглядае новае месца
Кнігарня адновіць сваю працу па адрасе: Менск, вуліца Караля, 22