Беларускія ВНУ павысілі кошты навучаньня

БДУ, БНТУ, БДЭУ, Лінгвістычны ўнівэрсытэт, Акадэмія кіраваньня апублікавалі кошты вучобы ў 2019–2020 навучальным годзе. БНТУ на некаторыя спэцыяльнасьці падняў аплату на 300–400 рублёў.

Кошт навучаньня на некаторых спэцыяльнасьцях будаўнічага, энэргетычнага, аўтатрактарнага, спартова-тэхнічнага факультэтаў БНТУ складае 3380 рублёў. А вось за 1 год вучобы на факультэце транспартных камунікацый, архітэктурным факультэце давядзецца заплаціць 3606 рублёў.

Вучоба на самых дарагіх спэцыяльнасьцях БДУ — «Усясьветная эканоміка», «Правазнаўства» «Міжнароднае права», «Дызайн» — сёлета абыдзецца першакурсьніку ў 3735 рублёў (летась — 3575 рублёў).

Год вучобы ў Акадэміі кіраваньня будзе каштаваць 3200 рублёў (летась — 3030 рублёў).

Незалежна ад спэцыяльнасьці, першакурсьнікі БДЭУ будуць плаціць за вучобу 2564 рублі.

ВНУ прымаюць дакумэнты на бюджэтнае навучаньне з 12 да 17 ліпеня, на платнае навучаньне дакумэнты будуць прымаць да 4 жніўня.

Звычайна аб павышэньні коштаў навучаньня ВНУ абвяшчаюць ужо пасьля набору. Сёлета гэта зрабілі раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мы здалі ЦТ, паставіўшы крыжыкі ў адзін радок. Ці паступім?