Неўзабаве «Гаррамаўтадар» Менгарвыканкаму пачне капітальны рамонт плошчы Перамогі, паведамляе Minsknews.by.
Выстаўляць агароджы зьбіраюцца ўжо «на днях», а завершыць работы плянуюць да 9 траўня 2020 году, на 75-годзьдзе капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны ў Другой сусьветнай вайне.
Што менавіта плянуецца зрабіць, канчаткова ня вырашылі: сьцьвярджаецца, што «праектаваньне і будаўніцтва будуць весьціся паралельна», цяпер жа толькі завяршаецца распрацоўка праектнай дакумэнтацыі для распрацоўкі ўласна праекту рамонту.
Дакладна вядома, што будуць мяняць стылябат (верхнюю паверхню ступенчатага цокалю) абэліска ў цэнтры плошчы, рэканструяваць сам абэліск і рабіць электрычны падагрэў пакрыцьця плошчы.
З чым зьвязаныя пачаткі работ без завершанага праекту, не ўдакладняецца. Але ў пачатку траўня рэканструкцыю анансаваў старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак — ён казаў, ініцыятыва зьявілася пасьля ягонага асабістага абсьледаваньня аб’екта.
«Асабіста паглядзеўшы на яго стан, убачыў разьбітыя прыступкі, уздыбленую плітку; адвальваюцца пліты на выхадах да Вечнага агню, — расказваў чыноўнік. — Унізе волкасьць, няўтульна. А гэта месца, дзе мы прымаем дэлегацыі, дзе праходзяць ускладаньні вянкоў».
Тады сьцьвярджалася, што на рэканструкцыю накіруюць палову сродкаў, сабраных на рэспубліканскім суботніку, і адрамантуюць ня толькі плошчу, але і падземны пераход пад ёй. У пераходзе, казаў Сівак, зьбіраюцца паставіць відэапанэлі на сьценах, злучыць пераход з прыпынкамі наземнага транспарту «па прынцыпе сухіх ног».