«На жаль, лішку вады няма». Невысокі ўзровень вады ў раце спэцыялісты зьвязваюць з малой доляй ападкаў у першай палове 2019 году.
У Беларусі адказалі на просьбу Літвы павысіць узровень вады ў рацэ Вяльлі, паведамляе Інтэрфакс. 3 ліпеня літоўскі бок з прычыны засухі папрасіў Беларусь павысіць узровень вады ў рацэ Вяльлі (Нярыс). Пра гэта сказаў міністар навакольнага асяродзьдзя Літвы Кястуціс Мажэйка.
У Беларусі на такую просьбу адказалі адмоўна. Кіраўнік РУП «Цэнтральны навукова-дасьледчы інстытут комплекснага выкарыстаньня водных рэсурсаў» Аляксандар Станкевіч сказаў, што «лішку вады няма».
«У Беларусі такія ж кліматычныя ўмовы, як і ў Літве. На жаль, лішку вады няма. Наяўны запас у Вілейскім вадасховішчы неабходны для забесьпячэньня воднага балянсу на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку для забесьпячэньня пітной вадой каля 30% насельніцтва Менску», — сказаў Станкевіч.
Ён адзначыў, што ў Беларусі не праводзіліся працы, якія б маглі паўплываць на ўзровень вады ў Вяльлі. А нізкі ўзровень вады, які характэрны для ўсіх рэк Беларусі, зьвязаны зь невысокай доляй ападкаў на пачатку 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва сфармулявала больш за 100 заўваг пасьля вывучэньня стрэс-тэстаў БелАЭС