Беларусь у гістЭрычных апавяданьнях. Купалаўскі паставіў «Шляхціца Завальню». ФОТА

«Усё, што ў іншых краінах апісваецца ў кнігах, у нашым краі можа здарыцца насамрэч», — кажа гераіня новага спэктакля. І ня хлусіць.

7 ліпеня ў Купалаўскім тэатры адбылася прэм’ера — спэктакль паводле твору Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданьнях». Рэжысэркай выступіла Алена Ганум, драматургічная апрацоўка Сяргея Кавалёва.

Агапка, Марка і Карпа ладзяць на абледзянелым возеры традыцыйныя сялянскія ігрышчы (за зграбнасьць рухаў адказвае харэографка Вольга Скварцова). Шляхціц Завальня нецярпліва чакае свайго пляменьніка і ўсім тлумачыць, якая карысьць ад паленай гарэлкі. Гледачы назіраюць за гэтым з-за чаротніку: вось-вось мы апынёмся ў фантастычным сьвеце легендаў і мітаў старажытнай Беларусі.

Цмокі, ваўкалакі, вогненныя нячысьцікі ў творы Баршчэўскага чакаюць нас за кожным дрэвам і валодаюць неабмежаванай сілай — хапіла б толькі подласьці ёй скарыстацца. Гледачам пакажуць, як сельскі «гопнік» ператворыцца ў ваўкалака, як нячысьцік уселіцца ў цела мерцьвяка, як з чароўнага яйка вылупіцца дракон і спакусіць сквапную дзяўчыну.

Але вусьцішна ня будзе. Будзе сьмешна, а часам нават сорамна. Фантастычныя істоты (дый сяляне з панамі таксама) камічна крычаць і крыўляюцца. Сам Д’ябал жыве ў паноў пад выглядам псыхіятра і сьцьвярджае, што ўвесь беларускі фальклёр — гэта плод хворай эмацыйнай фантазіі. Гэтую думку спэктакль, на жаль, ніяк не абвяргае: на сцэне — Беларусь у гістЭрычных апавяданьнях.

Але ж твор Баршчэўскага не маралізатарскі — гэта ўнікальны збор беларускага фальклёру. А галоўны герой Ян, пляменьнік таго самага пана Завальні, і ўвогуле ўзор шляхетнага патрыятызму.

Так, ён сумуе па родным краі, дзе «не гучаць спрэчкі францускае палаты ў справе Эгіпту і Турэччыны, не чуваць там пра ангельскі парлямэнт» і г.д. У гэтым краі, як і ў гэтым спэктаклі, з вамі не пагавораць пра актуальнае.

Але ў Купалаўскі тэатар ня ходзяць па актуальнасьць: туды ходзяць па традыцыю.

Замежны імпэрыяліст-захопнік Белая Сарока ў інтэрпрэтацыі Купалаўскага — наўмысна манерны мужчына з выбеленым тварам. Ён размаўляе з францускім акцэнтам, увесь у лятэксе, з голымі грудзямі. Такі сабе ЛГБТ-стэрэатып з 90-х у якасьці абсалютнага зла.

А захоп Беларусі суседзямі выяўлены ў камічным ключы: Шляхціц Завальня, які хвіліну таму ляжаў у труне і прагнуў найхутчэй памерці, абы ня бачыць, як разьдзіраюць яго Айчыну замежныя імпэрыялісты, пагадзіўся з той труны ўстаць дзеля індыйскага тытуню. Тытунь прыносяць сланы. Усе танцуюць.

Усім адразу зразумела, што шчасьце сапраўды ў паленай гарэлцы. А апісанае ў кнігах на Беларусі адбываецца насамрэч. Што б гэта ні значыла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у савецкім застоі магілёўскі тэатар паставіў забароненых «Тутэйшых»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 фактаў пра Часлава Родзевіча, беларускага дзеяча, які загінуў у бальшавіцкай турме

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскі лялечны тэатар рыхтуе спэктакль пра Марка Шагала. ФОТА з рэпэтыцыі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Купалаўскі тэатар паставіў чорную камэдыю пра сьмяротнае пакараньне. ФОТА