Беларусь і Расея выслалі ўцекача, якога ў Тога чакае сьмяротнае пакараньне

Базабэіда Батома

Міністэрства ўнутраных спраў Расеі паведаміла пра рашэньне аб высылцы на радзіму грамадзяніна Тога Базабэіда Батома праз адсутнасьць судовых рашэньняў, якія абмяжоўвалі б дэпартацыю.

Паводле расейскіх праваахоўнікаў, Базабэіда Батома незаконна знаходзіўся на тэрыторыі Расеі са сьнежня 2014 году, у Бранск трапіў 20 чэрвеня зь Беларусі — яго перадалі ў парадку рэадмісіі, бо незаконным было і яго знаходжаньне ў Беларусі, дзе ён таксама прасіў прытулку і атрымаў адмову.

Сьцьвярджаецца, што з часу перадачы Батома не напісаў заявы аб наданьні прытулку, хоць яму далі перакладчыка і растлумачылі парадак надаваньня часовага прытулку. Чаму так, праваахоўнікі ня кажуць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іранцу, якому на радзіме пагражае сьмяротнае пакараньне, дазволілі застацца ў Беларусі

Як расказвае расейская «Новая газета», на радзіме Батому чакае сьмяротнае пакараньне. Сьцьвярджаецца, што Батома быў гвардзейцам і ўдзельнічаў у разгоне антыўрадавых мітынгаў, вызваліў двух пратэстоўцаў, асуджаных на сьмерць, а пасьля адмовы выканаць загад аб ліквідацыі лідэра мясцовай апазыцыі яго пачалі перасьледаваць. За ўхіленьне ад выкананьня загаду Батому пасадзілі ў турму і катавалі.

У 2014 годзе яму ўдалося ўцячы з турмы, трапіць у суседнюю Гану, адтуль у Маскву. Калі Батома апынуўся ў Расеі, ён спрабаваў атрымаць статус уцекача, але расейскія ўлады яму адмовілі некалькі разоў. У 2018 годзе Ўпраўленьне вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў пастанавіла, што Батома мае патрэбу ў абароне.