1000 даляраў за магілу: за хабар затрымалі службовых асобаў са спэцкамбінату КБА

Ілюстрацыйнае фота

Першы намесьнік дырэктара і начальнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня менскага спэцкамбінату КБА затрыманыя за хабар, паведамляе прэс-служба МУС Беларусі.

Яны аддавалі за хабар месцы для пахаваньня на Паўночных могілках, карыстаючыся тым, што колькасьць свабодных участкаў там абмежаваная. Грошы ім перадавалі праз пасярэднікаў, сярэдняя цана за магілу складала каля 1000 даляраў.

Усяго сьледзтва ўстанавіла каля 170 месцаў пахаваньня, правамернасьць выдзяленьня якіх падлягае сумневу і будзе правярацца.

Акрамя гэтага, першы намесьнік дырэктара (галоўны інжынэр) браў хабар і ад сваіх падначаленых, якіх абвінавачваў у парушэньні працоўнай дысцыпліны. За хабар алькаголем ды іншымі прадуктамі ён дараваў работнікам спэцкамбінату спазьненьні, зьяўленьне на працу нападпітку ці нядобрасумленнае выкананьне абавязкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі намесьніка дырэктара «Спэцкамбінату КБА» — арганізацыі, адказнай за могілкі

Начальнік аддзелу матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня браў хабары нібыта для іх наступнай перадачы тым, хто мог адвесьці месца для пахаваньня, але пакідаў грошы сабе.

Абодва падазраваныя затрыманыя. На галоўнага інжынэра завялі крымінальную справу за атрыманьне хабару (ч. 1 і ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі), на начальніка аддзелу матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня — за махлярства (арт. 209 КК Беларусі).

10 чэрвеня за хабар быў затрыманы намесьнік дырэктара ў агульных пытаньнях менскага спэцкамбінату КБА Сяргей Руды.