9 ліпеня ў Менску на адукацыйнай пляцоўцы Тэрыторыя правоў (Ложынская, 16, памяшканьне 404) адчыняецца ўнікальная фотавыстава «Курапаты, Дзяды-1989 (30-я ўгодкі шэсьця і ўсталяваньня Крыжа Пакуты)».
Аўтар здымкаў беларускі фатограф Уладзімер Сапагоў (1952 — 2012).
29 кастрычніка 1989 году тысячы людзей прайшлі ад Усходніх могілак да Курапатаў, дзе правялі мітынг-рэквіем і ўсталявалі першы крыж.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зянон Пазьняк: Я разумеў, што творыцца містэрыяАрганізатарка выставы праваабаронца і пісьменьніца Паліна Сьцепаненка (Качаткова) сказала Свабодзе, што ў экспазыцыі прадстаўленыя 62 з 200 здымкаў.
«Фатограф фактычна фіксаваў увесь рух — ад пачатку акцыі і да моманту ўсталяваньня крыжа. Каля 60 чалавек несьлі на сваіх плячах крыж, які пасьля ўсталявалі ў Курапатах. Гэта быў пачатак мэмарыялізацыі гэтага месца сталінскіх расстрэлаў.
Прайшло шмат часу і людзі забыліся пра гэтае шэсьце, а ў нас ёсьць архіў выдатнага фатографа Уладзімера Сапагова, які, на жаль, не дажыў да нашых дзён. На фота шмат людзей, якія пасьля сталі вядомымі ў жыцьці краіны і многа зрабілі для незалежнасьці Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першае шэсьце і мітынг у Курапатах. Унікальныя фота Міколы ТарандыНа фотаздымках — Зянон Пазьняк, Янка Брыль, Майя Кляшторная, Уладзімер Арлоў, Вінцук Вячорка, Генадзь Грушавы, Ян Матусевіч, Галіна Прыма і іншыя.
«У адкрыцьці выставы возьмуць удзел людзі, якія несьлі Крыж пакуты пад час акцыі. Гэта пераважна мужчыны. Тады так было прынята, што несьлі крыж мужчыны. Але сёньня, не сумняваюся, несьлі б і жанчыны».
Паводле Паліны Сьцепаненкі, удалося ўсталяваць імёны фактычна ўсіх, хто трапляецца на фота. У інтэрнэце выклікаў спрэчкі фотаздымак, на якім сярод іншых нясе крыж Валеры Шчукін.
«Пісалі, што камуніст ня мог несьці крыж на Курапаты, спрабавалі даказаць, што гэта нехта іншы. Але гэта быў Валеры Шчукін і Зянон Пазьняк таксама гэта пацьвердзіў. Шчукін таксама сёньня пацьвердзіў, што ён нёс крыж і пасьмяяўся з гэтых спрэчак.
У тыя часы перад развалам Савецкага саюза камуністы таксама бралі ўдзел у такіх шэсьцях, гэта быў вельмі шырокі грамадзкі рух. І якраз на здымках бачна, што гэта было эпічнае шэсьце. Важна паказаць выставу цяпер у кантэксьце распачатага ўладамі крыжалому ў Курапатах»,
Арганізатары выставы плянуюць зрабіць яе перасоўнай і паказаць у Менску яшчэ раз увосень.
У 1998-2000 гадах фатограф Уладзімер Сапагоў супрацоўнічаў з выданьнем Праваабарончага цэнтру «Вясна» — «Права на Волю».
У 2015 годзе была вялікая выстава яго фотаздымкаў, прысьвечаная моладзевай нефармальнай суполцы «Талака». «Яго фотаздымкі гэта летапіс эпохі», — кажа Паліна Сьцепаненка (Качаткова).
Уладзімер Сапагоў здымаў усе акцыі, пачынаючы з першых нацыянальна арыентаваных Купальляў 1987 года да акцый Маладога фронту ў 1998 годзе.
«Да таго ж Сапагоў мае свой непаўторны почырк, ён глядзеў на сьвет дзіцячымі вачыма, у яго своеасаблівы погляд. Фатаграфаваньне было справай яго жыцьця, ён ніколі не пакідаў свой „Нікан“. Гэта ўсе што ў яго было, ён быў сіратой, адзінокім чалавекам. Гэта быў сэнс таго, чым ён жыў».
Арыгіналы фотаздымкаў захаваць не ўдалося. Уладзімер Сапагоў жыў у інтэрнаце. Калі ён памёр ад інсульту ў 2012 годзе, усе здымкі выкінулі на сьметнік. Але яго сябрам цудам удалося выратаваць калекцыю нэгатываў.
Архіў Сапагова пакуль алічбаваны часткова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 гадоў народнаму мэмарыялу ў Курапатах. Як ставілі крыжы на месцы зьнішчэньня ахвяраў сталінізму