ДАІ прапанавала ўвесьці ступені ап’яненьня кіроўцаў і штраф да 200 базавых

Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўтаінспэкцыя Беларусі прапануе ўвесьці падзел ступеняў апʼяненьня кіроўцаў і ў залежнасьці ад гэтага прызначаць розныя пакараньні. Пра гэта ў інтэрвію тэлеканалу АНТ распавёў начальнік ДАІ Беларусі Дзьмітры Карзюк.

Паводле Карзюка, ДАІ прапанавала падзяліць ступені алькагольнага апʼяненьня і пакараньня за яго:

  • ад 0,3 да 0,79 праміле алькаголю ў крыві — караць кіроўцу штрафам у 100 базавых велічынь (адна базавая на сёньня складае 25,5 рубля) і пазбаўляць правоў на тры гады;
  • ад 0,8 праміле і больш — пацягне за сабой штраф у 200 базавых велічынь і пазбаўленьне правоў на 5 гадоў.

Паводле Карзюка, гэтае ўзмацненьне жорсткасьці пакараньня ДАІ ўзгадніла з усімі зацікаўленымі ведамствамі. Ён спадзяецца, што пры перапрацоўцы Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях гэтая норма будзе ўнесена.

Цяпер за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане або за адмову прайсьці агляд прадугледжаны штраф ад 50 да 100 базавых велічынь з пазбаўленьнем права кіраваць транспартным сродкам на тры гады.

Калі кіроўца трапляецца пʼяным другі раз цягам году, наступае крымінальная адказнасьць: пагражае канфіскацыя аўтамабіля, пазбаўленьне правоў на 5 гадоў з папраўчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, арышт або абмежаваньне волі, штраф да 1000 базавых, у шэрагу выпадкаў пазбаўленьне волі да двух гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 10 гадоў турмы. Улады хочуць узмацніць адказнасьць за кіраваньне машынай нецьвярозымі

Аляксандар Лукашэнка раней выказваўся за ўзмацненьне адказнасьці для тых, хто «пʼяны сеў за стырно», у тым ліку за ДТЗ, учыненыя кіроўцамі ў нецьвярозым стане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: П’яны начальнік Баранавіцкага ДАІ зьбіў насьмерць жанчыну