5 чэрвеня новы міністар унутраных спраў Юры Караеў сустрэўся з кіраўніцай руху «Маці 328» Ларысай Жыгар. Яна зьвярнулася да Юрыя Караева пасьля адстаўкі былога міністра Ігара Шуневіча, каб зьвярнуць увагу на праблемы асуджаных па «антынаркатычным» артыкуле.
Што паабяцаў Юры Караеў?
1. Павялічыць удвая працягласьць доўгатэрміновага спатканьня для асуджаных па 328-м артыкуле.
Ларыса Жыгар патлумачыла, чаму ўзьнікла такая праблема:
«Асуджаным па 328 артыкуле даюць толькі два спатканьні на год працягласьцю ўсяго суткі. Але што такое суткі для маладога чалавека, які толькі адарваўся ад сям’і? Папрасіла, каб хаця б было 2 дні, бо максымальна можна даваць 3 дні. Караеў паабяцаў, што гэта будзе перагледжана».
2. Адну рэчавую перадачу з максымальнай вагой у 30 кіляграмаў падзяліць на 2 перадачы, каб у суме засталіся тыя ж 30 кілё.
«Цяпер дазволеная адна рэчавая перадача на год вагой да 30 кіляграмаў. Але бацькам цяжка асіліць такія перадачы, у тым ліку матэрыяльна. Чаму не дазволіць тыя ж 30 кілё раскласьці на 2 перадачы ў год? Міністар абяцаў вывучыць гэтае пытаньне», — сказала Ларыса Жыгар.
3. Раз на год дазволіць атрыманьне мэдычнай бандэролі.
«Прасіла, каб дазволілі дасылаць вязьням 1 мэдычную бандэроль незалежна ад таго, хварэе чалавек ці здаровы. Гэта важна, бо тады ў бандэроль будуць укладаць вітамінныя прэпараты, якіх заўсёды не хапае. З гэтым Караеў таксама пагадзіўся», — сказала Ларыса Жыгар.
4. Не цягнуць з ужываньнем амністыі да тых асуджаных, у каго адбыцьцё тэрміну заканчваецца.
«Амністыя будзе ўжывацца цягам 7–8 месяцаў пасьля таго, як закон уступіць у сілу. Але некаторыя вязьні, у каго тэрмін падыходзіць да заканчэньня, і без амністыі выйдуць за гэты час на волю. Практыка мінулых амністый паказвае, што часта адміністрацыя калёніі зацягвае ўжываньне амністыі такім вязьням, і ў выніку яны вызваляюцца нібыта па амністыі, але ўсяго за некалькі дзён да заканчэньня прызначанага судом тэрміну. Караеў паабяцаў, што гэтак больш ня будзе», — кажа Ларыса Жыгар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць меркаваных распаўсюднікаў марыхуаны. Ім 15, 16 і 17 гадоўНа што не пагадзіўся Юры Караеў?
Перакваліфікаваць справы па 4 частцы 328 артыкула на 3 частку.
«Тут мы не дамовіліся. Караеў сказаў, што па 4 частцы паслабленьня ня можа быць. Па ягоных словах, управа наркакантролю робіць максымум, каб выяўляць і караць буйных наркадылераў, а да дробных закладчыкаў падыход паводле закону. Сказаў, што паслабляць практыку ўжываньня 4 часткі 328 артыкула пакуль нельга і гэта не ў ягонай кампэтэнцыі».
У 4 частцы 328 артыкула Крымінальнага кодэксу вядзецца пра адказнасьць за распаўсюд наркотыкаў у складзе арганізаванай злачыннай групы. За гэта прадугледжана пазбаўленьне волі на тэрмін да 15 гадоў. Актывісткі «Маці 328» дамагаюцца перагляду спраў асуджаных па 4 частцы 328 артыкула і ў шэрагу выпадкаў перакваліфікацыі іх дзеяньняў на 3 частку таго ж артыкула.
Маці кажуць, што маладыя людзі часта не зьдзяйсьнялі таго злачынства, якое ім прыпісалі сьледчыя. «Прыкладам, паасобку куплялі наркотыкі ў адной інтэрнэт-краме, рабілі закладкі, іх затрымалі і зрабілі зь іх арганізаваную групу, хаця хлопцы ніколі не сустракаліся. Вось і 4-я частка, а гэта ўжо зусім іншая адказнасьць, большае пакараньне. Такога не павінна быць», — сказала Ларыса Жыгар.
Чаму гэтая сустрэча важная для сваякоў асуджаных па 328-м артыкуле?
Паводле актывістак «Маці 328», у беларускіх калёніях адбываюць пакараньне каля 2 тысяч асуджаных па 4 частцы 328 артыкула. «Але афіцыйных дадзеных у нас няма, нам іх не паведамляюць, магчыма, утойваюць», — кажа Ларыса Жыгар.
Агулам, па зьвестках МУС, зьняволеных па 328 артыкуле ў беларускіх турмах і калёніях каля 6 тысяч.
Паводле лідэркі руху «Маці 328», на 10 ліпеня прызначаная сустрэча актывістак з кіраўніцай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Натальляй Качанавай. На сустрэчу пойдуць Алена Кузьміна, Людміла Кулініч, Ала Берналь, якія тры тыдні трымалі галадоўку ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну, а таксама Ларыса Жыгар, якая галадавала 12 дзён.
Галадоўніцы патрабавалі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і перагляду спраў па 328 артыкуле.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.