Аляксандар Лукашэнка выказаў спачуваньні ад імя беларускага народу Ўладзіміру Пуціну і сем’ям загінулых у паводцы ў Іркуцкай вобласьці, піша БелТА. Таксама ён выказаў пацярпелым пажаданьні найхутчэй ачуняць.
Паводле апошніх зьвестак, ад паводкі ў Расеі загінулі ня менш за 20 чалавек, яшчэ дзьве сотні у шпіталях. Пуцін абвясьціў паводку надзвычайным здарэньнем фэдэральнага маштабу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затапіла беларускія вёскі ў Сыбіры: «Са старых людзей ніхто такога ня памятае»Аляксандар Лукашэнка пакуль ніяк не адрэагаваў публічна на здарэньне ў Менску, дзе ў выніку выбуху салютных мартыраў 3 ліпеня загінула жанчына і былі параненыя ня менш за 10 чалавек. У дзяржаўных СМІ здарэньне не было ў ліку галоўных навінаў. Зьвязацца зь ягонай прэс-службай пасьля здарэньня так і не ўдалося.
Апошні раз Лукашэнка выказваў спачуваньні, зьвязаныя зь Беларусьсю, 11 месяцаў таму, калі памёр народны артыст, актор і былы кіраўнік Купалаўскага тэатру Мікалай Кірычэнка.
Два тыдні таму Лукашэнка выказваў спачуваньні прэзыдэнту Індыі з нагоды дарожнага здарэньня, у якім загінулі 43 чалавекі (большасьць — дзеці). У траўні ён выказваў спачуваньні прэзыдэнту Паўднёвай Карэі з прычыны крушэньня катэра ў Вугоршчыне, у якім загінулі сама меней 7 карэйцаў і 19 зьніклі бязь зьвестак; султану Малайзіі ў сувязі са сьмерцю ягонага бацькі і былога кіраўніка дзяржавы; Пуціну праз авіякатастрофу, у якой загінуў 41 чалавек; прэзыдэнту Віетнаму з прычыны сьмерці былога прэзыдэнта краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускія ўлады рэагавалі на трагедыі маштабу кемераўскага пажаруТрагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася
- Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
- Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
- Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
- Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
- СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
- 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.
- Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
- Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
- Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
- Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.