Як новы закон аб адтэрміноўках зьменіць лёс беларускіх хлопцаў? Бакаляўр-матэматык, які зьбіраецца паступаць у магістратуру, і кандытар, які расчараваўся ў прафэсіі і зьбіраецца паступаць у мэдкаледж, расказалі Свабодзе пра свае засьцярогі.
«Год не працаваць па спэцыяльнасьці — гэта вельмі шмат» — матэматык Ігар Галубянкоў
«Апасаюся, што нават калі паступлю ў магістратуру на бюджэт, увосень мне давядзецца ісьці на 1 год у войска, бо адна адтэрміноўка ў мяне быццам бы ўжо была», — кажа мянчук Ігар Галубянкоў.
«Унівэр — праца — магістратура» — гэты жыцьцёвы плян Ігару, найверагодней, давядзецца памяняць. Новы закон аб адтэрміноўках ад службы ў войску можа адкласьці заняткі навукай на год.
У 17 гадоў Ігар Галубянкоў паступіў на бюджэт на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. На другім курсе, калі яму споўнілася 18, выклікалі ў ваенкамат. Далі адтэрміноўку ад вайсковай службы, каб скончыць вучобу ва ўнівэрсытэце.
Бакаляўрскую ступень хлапец атрымаў сёлета. А разам зь ёю — разьмеркаваньне на 2 гады ў кампанію, у якой ён працуе з пачатку чацьвёртага курсу.
Іспыты ў магістратуру ў Ігара праз тыдзень. Але пэрспэктыва трапіць у войска ўжо ўвосень выглядае больш рэалістычнай, чым шанцы на паступленьне. Іх Ігар ацэньвае працэнтаў у 70.
«Шкада свайго часу, што будзеш займацца ня тым, пра што марыў. Год не працаваць па спэцыяльнасьці — гэта вельмі шмат. Мой бацька заўсёды казаў, што спэцыяліст, які не практыкуе, вельмі хутка калі ня страчвае, то, так бы мовіць, прытупляе сваю кампэтэнцыю. Я ня думаю, што ў войску ў мяне будзе шмат часу займацца матэматыкай, праграмаваньнем. І вярнуўшыся, цяжка будзе зноў „урубіцца“ ў вучобу», — разважае Ігар.
З такім дыплёмам хлопцу можна падумаць пра расьпіяраную Мінабароны «IT-роту». Але ён пакуль не цікавіўся, як туды трапіць.
«Я разглядаў працу ў кампаніі, якая працуе не на Міністэрства абароны. Магчыма, для матэматыка, спэцыяліста ІТ-індустрыі гэта добры варыянт, праца там цікавая, замовы і тэхналёгіі прагрэсіўныя: сыстэмы відэаназіраньня, кампутарны зрок і іншыя. Чытаў, што ў ІТ-роту вельмі вялікі конкурс, бо быў толькі першы набор, усяго 60 чалавек туды трапілі», — кажа ён.
«Мару адслужыць, маючы прафэсію фэльчара» — кандытар Міхаіл Каранецкі
19-гадовы Міхаіл Каранецкі пасьпеў ужо стаць кандытарам і расчаравацца ў сваім выбары. Яшчэ год ён правучыўся ва Ўнівэрсытэце культуры і таксама расчараваўся. Сёлета хоча ажыцьцявіць сваю даўнюю мару — паступіць у мэдычны каледж і працаваць на хуткай дапамозе. Дзьве адтэрміноўкі ад службы ў яго ўжо былі. Таму, нават калі паступіць у мэдкаледж, мусіць на паўтара года пайсьці ў войска.
Першую прафэсію абраў выпадкова — хацеў вывучыцца на кухара, але туды бралі толькі зь сярэдняй адукацыяй, а пасьля 9-й клясы можна было вывучыцца на кандытара. Вучыўся на бюджэце, бясплатна, і павінен быў адпрацаваць 1 год па разьмеркаваньні. Але яшчэ падчас вучобы зразумеў, што гэта «не ягонае». А калі трапіў працаваць на хлебазавод, зусім расчараваўся ў прафэсіі.
Каб пазьбегнуць адпрацоўкі, вырашыў паступаць у ВНУ. Прычым туды, куды «хапіла балаў».
«Здаў ЦТ, атрымаў у суме 200 балаў, якіх хапіла на факультэт тэалёгіі (але я атэіст) і ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў на факультэт інфармацыйна-дакумэнтных камунікацый. Выбраў другое, назва прыгожая, але на справе аказалася, што гэта былы бібліятэчны факультэт. Хоць некаторыя прадметы — культуралёгія, беларуская літаратура — мне падабаліся. Кампазытара Ліста ўжо адрозьніваю ад Глінкі... Але пры канцы першага сэмэстра расчараваўся, мне стала сумна...», — кажа Міхаіл.
19 чэрвеня хлопец забраў дакумэнты з Унівэрсытэту культуры, а празь 10 дзён дэпутаты прынялі «закон аб адтэрміноўках». Міхаіл тым часам ужо вырашыў паступаць у мэдычны каледж.
«У мяне ўсё жыцьцё была цікавасьць да мэдыцыны. Я заўсёды марыў працаваць на хуткай дапамозе. Разумеў, што ў мэдунівэрсытэт не паступлю, таму ня стаў завышаць плянку».
«Рыхтавацца пачаў, калі яшчэ вучыўся ва Ўнівэрсытэце культуры. Здаў ЦТ значна лепш, чым летась. У мінулым годзе па беларускай мове атрымаў 27 балаў, сёлета — 55. Біялёгію здаў на 61 бал. Сярэдні бал атэстата — 6,9. Таму шанцы паступіць у мяне ёсьць. Але з гэтымі папраўкамі незразумела, ці забяруць мяне ў войска. Хутчэй за ўсё — так, давядзецца ісьці ў войска, а на вучобе браць акадэмічны адпачынак», — мяркуе Міхаіл.
Адслужыць у войску ён ня супраць, але калі атрымае спэцыяльнасьць. Бо інакш губляе 2 гады — паўтара года службы скончацца толькі ўвесну 2021-га, а аднавіцца на вучобе зможа толькі ўвосень.
«Магчыма, з мэдычнай адукацыяй я магу атрымаць практыку ў вайсковым шпіталі і прынясу больш карысьці. А так, без адукацыі — што я там буду рабіць? Маршыраваць па пляцы? Гараваць я ня буду, калі забяруць у армію, але шкада будзе страчанага часу.
Таму пакуль стаўлю за мэту паступіць у мэдычны каледж на фэльчара-акушэра і ўсё ж неяк адкасіць ад войска», — шчыра прызнаецца Міхаіл.
Даведацца, хто канкрэтна і ў якіх выпадках атрымае адтэрміноўку, а каму адмовяць, у Міністэрства абароны не ўдалося. Да афіцыйнага апублікаваньня Закону камэнтаваць нешта ў міністэрстве адмаўляюцца.
Што прадугледжвае законапраект
Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:
- адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
- тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу;
- у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
- тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
- замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць пайсьці служыць па кантракце бяз выплаты грошай за адмову ад разьмеркаваньня.
Міністар абароны Андрэй Раўкоў тлумачыў, што абмежаваньне на выезд за мяжу будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці гатовыя беларусы ваяваць і сакрэтны нэўтралітэт Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У іх ёсьць такая кнопка! Чаму дэпутаты амаль заўжды галасуюць «за» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для Міністэрства абароны грамадзяне — гэта «прызыўны рэсурс», — Паротнікаў