Закон аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы выклікае шмат сумневаў і пярэчаньняў. Ледзь ня больш за іх выклікаюць тлумачэньні, дадзеныя прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, навошта трэба скарачаць гэтыя адтэрміноўкі.
Згодна зь яго тлумачэньнем, ёсьць тры шляхі: або прасіць аб абароне NATO (чаго ён асабіста не жадае), або спадзявацца на расейскую абарону, а для гэтага трэба ісьці ў Расею (чаго ня хоча ні прэзыдэнт, ні большасьць крытыкаў «закону аб адтэрміноўцы»), або самастойна мацаваць сваю абарону, а для гэтага войску трэба больш салдатаў.
Расповед пра выбар паміж NATO, Расеяй і самастойным будаўніцтвам абароны — клясычны прыём прамоўніцкага мастацтва: калі пажаданы прамоўцу варыянт паўстае як залатая сярэдзіна паміж двума непрымальнымі крайнасьцямі.
Толькі ў дадзеным выпадку ўсё трошкі (або ня трошку) ня так, прынамсі наконт натаўскай Сцылы і расейскай Харыбды. Краіны NATO, хоць і спадзяюцца на гарантыі канкрэтна ЗША, аднак і самі мацуюць сваю абарону. Суседняя Літва ўжо даўно ў NATO, аднак некалькі гадоў таму аднавіла вайсковы прызыў. Сярод краін NATO ідуць спрэчкі наконт ваенных выдаткаў, прэзыдэнт ЗША Трамп настойвае на выкананьні абавязаньняў кожнай краіны альянсу выдаткоўваць на абарону ня менш за 2% ВУП.
Ня ўсё гэта выконваюць, але многія імкнуцца. Дарэчы, Літва гэты нарматыў ужо выконвае. Пры гэтым выдаткі на абарону нянатаўскай Беларусі — у раёне 1% ад ВУП. Дык якая альтэрнатыва ўласнаму вайсковаму будаўніцтву сяброўства ў NATO? NATO, у якім можна ляжаць на печы і спадзявацца, што нехта абароніць у выпадку чаго — такога NATO проста няма на сьвеце.
А што тычыцца Расеі, то дзейныя пагадненьні зь ёй, у прыватнасьці дамова АДКБ, наўпрост прадугледжваюць, што краіна-ўдзельніца разглядае напад на тэрыторыю любой іншай краіны-ўдзельніцы як напад на ўсіх удзельніц дамовы (артыкул 4). І гэтаму нападу на саюзьніка краіны-ўдзельніцы абавязваюцца процідзейнічаць усімі, у тым ліку і ваеннымі, сродкамі.
І якія дадатковыя, у параўнаньні з гэтым абавязаньнем, абарончыя магчымасьці дало б Беларусі, беларусам зьліцьцё з Расеяй? Ніякіх. Расея і цяпер абавязваецца абараняць тэрыторыю саюзнай незалежнай Беларусі як сувэрэнную тэрыторыю РФ.
Думаю, што Лукашэнка ўсё гэта ведае — і пра NATO, і пра Літву, і пра дамову АДКБ. Але дзеля трапнага слоўца чаго ня скажаш.
Але ёсьць і іншая прычына. Мяркуючы па ўсім, ціск Расеі з нагоды «паглыбленьня інтэграцыі» не зьніжаецца. Абвешчана, што чарговы раўнд перамоваў на гэты конт на найвышэйшым узроўні адбудзецца 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу, на форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі. У віншаваньні Лукашэнку і беларусам з нагоды 3 ліпеня Крэмль таксама згадаў «узаемавыгадныя інтэграцыйныя працэсы ў рамках Саюзнай дзяржавы і на эўразійскай прасторы». У Маскве пра гэта не забываюць.
І Лукашэнка і адрэагаваў на гэтую памятлівасьць саюзьнікаў, лішні раз прыгадаўшы са свайго боку, што ў інтэграцыі павінны быць дастаткова вузкія межы.
У больш шырокім сэнсе мадэль ваеннага будаўніцтва, апісаная ім — гэта мадэль фактычнага нэўтралітэту. У якой прырода абодвух ваенных саюзаў — і з NATO, і з Расеяй, апісана з ладнай доляй хітрасьці і спрашчэньня. Але важней кірунак думкі — што ад саюзаў у прынцыпе варта трымацца далей. У ідэале.
У чым прэзыдэнт мае рацыю, дык гэта ў тым, што сапраўдны нэўтралітэт на самай справе каштуе дорага. Пытаньне ў тым, якой менавіта платы ён патрабуе ў беларускіх умовах: фігуральна кажучы, платы крывёй ці грашыма.
Ваеннае ведамства разважае па-свойму, зь ведамаснага пункту гледжаньня, лягічна. Войску бракуе салдатаў, трэба іх узяць там, дзе яны патэнцыйна ёсьць.
Але, магчыма, варта паглядзець на сытуацыю шырэй, з улікам іншых фактараў.
Беларуская ўлада імкнецца пабудаваць IT-краіну. Аснова для гэтага — па вялікім рахунку, ня толькі і ня столькі мудрагелістыя схемы ПВТ, колькі беларускія мазгі. Як аказваецца, ня самыя горшыя.
Ну а калі яны такія разумныя, то чаму шыхтом ня ходзяць? У сэнсе чаму б ім і не паслужыць, чым яны лепшыя за іншых беларусаў, чаму для іх рабіць выключэньні, даваць ім палёгкі?
Ну а навошта ПВТ даваць падатковыя i iншыя палёгкі? Можна не даваць. Але тады могуць узьнікнуць праблемы з IT-краінай.
Гэтак і IT-людзі — хай паслужаць, а потым няхай рухаюць галіну. Можа так і атрымаецца. Хоць вядома, што менавіта матэматыкі, фізыкі найбольш эфэктыўныя ў маладосьці, менавіта ў маладосьці яны дамагаюцца самых яскравых дасягненьняў у сваёй карʼеры. Год у войску — гэта мінус год нядоўгага пэрыяду творчага квітненьня.
Ну і чыста практычна — пэрспэктыва надзець салдацкія боты можа заахвоціць многіх будучых айцішнікаў проста паехаць вучыцца за мяжу і будаваць тамтэйшыя ІТ-краіны.
Ясна, што ўсё не паедуць, ясна, што нехта і адслужыць і будзе новым Кіслым або Гурскім. А хтосьці проста зьедзе. IT-краіна або скарачэньне адтэрміновак ад войска — можна зрабіць любы выбар, але гэта менавіта выбар.
Вайскоўцы яго рабіць не павінны, яны адказваюць за сваю працу. Але грамадзтва ў цэлым і ўлада павінны менавіта выбіраць, разумеючы, што страчваецца пры альтэрнатыве.
Ну і яшчэ аб адным моманце варта згадаць. СМІ шырока цытавалі дадзеныя апытаньня ІПМ, паводле якіх 85,6% беларусаў гатовыя змагацца за сваю краіну, калі здарыцца вайна.
Аднак такі завоблачны ўзровень гатовасьці ваяваць, які атрымаўся ў апытаньні, выклікае сурʼёзныя сумневы. Паводле дадзеных апытаньняў НІСЭПД у 2013-2015 гадах, супраціўляцца са зброяй у руках уварваньню хоць з Усходу, хоць з Захаду былі гатовыя 20-25%.
Яшчэ больш пераканаўчым абвяржэньнем дадзеных апытаньня ІПМ уяўляецца шматнацыянальнае апытаньне (стар. 284) міжнароднай службы Гэлапа WIN / Gallup International Association, праведзенае ў 65 краінах у 2015 годзе.
Згодна з гэтым апытаньнем, гатовасьць ваяваць за сваю краіну на ўзроўні 80% і больш дэманстравалі такія краіны, як Марока, Пакістан, Віетнам. Ну а Эўропа: у Польшчы былі гатовыя ваяваць за сваю краіну — 47%, у Вялікабрытаніі — 27%, у Нямеччыне — 18%. У разгар фактычнай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай, у год баёў за Дэбальцава, у Расеі гатовасьць ваяваць складала 59%, ва Ўкраіне — 62%. Ці можна ўявіць сабе, што праз пару гадоў мірныя беларусы прадэманструюць гатовасьць ваяваць мараканцаў або пакістанцаў? У гэта вельмі слаба верыцца.
Уяўляецца, што на самой справе гатовасьць беларусаў ваяваць цяпер можа і вышэйшая, чым у апытаньнях НІСЭПД 2013-2015 гадоў, але і значна ніжэйшая, чым у апытаньні ІПМ.
А гэта мае прамое дачыненьне да закону аб адтэрміноўках. Тон тлумачэньняў Аляксандра Лукашэнкі сьведчыў пра тое, што ён усьведамляе, наколькі вострым зьяўляецца пытаньне для грамадзтва, якую моцную адмоўную рэакцыю выклікаюць прапановы Міністэрства абароны. 9 галасоў супраць у Палаце прадстаўнікоў — гэта таксама вельмі пераканаўчы паказьнік з улікам спэцыфічнага характару, скажам так, гэтай установы ў Беларусі. Будзь беларусы настолькі ж баявітыя, як пакістанцы або азэрбайджанцы, можа навацыі са скарачэньнем адтэрміновак былі б прынятыя грамадзтвам спакойна. Але беларусы — не пакістанцы, і нават не расейцы і не ўкраінцы.
Таму і рэакцыя ня вельмі спакойная. І ня толькі блогераў і «канапавых» актывістаў. А грамадзтва. Дарэчы, у ваюючай Украіне скарачаць адтэрміноўкі ў галаву не прыходзіла. Тое ж тычыцца і Расеі зь яе гібрыднымі і негібрыднымі войнамі. Магчыма, вайскоўцы і ў РФ, і ва Ўкраіне таксама хацелі б, каб адтэрміновак ад службы было менш. І ў ваюючых краінах аргумэнты за гэта па ідэі гучаць больш пераканаўча, чым у тых, якія не ваююць.
Але на тое ва Ўкраіне і ў Расеі ёсьць палітычнае кіраўніцтва, якое прымае пад увагу ня толькі меркаваньні вайскоўцаў.
У гэтым сэнсе і ў Беларусі ў год выбараў (пры ўсёй айчыннай спэцыфічнасьці гэтай працэдуры) наўрад ці варта лішні раз злаваць людзей.
Між тым пэрспэктыва нэўтралітэту, на якую намякнуў прэзыдэнт, і праўда ставіць пытаньне аб цане незалежнасьці, у тым ліку і вайсковай. Магчыма, адказ палягае ў павелічэньні выдаткаў на абарону, а не ў павелічэньні «падатку крывёю».
Перадрук з парталу TUT.BY