На цырымоніі ўручэньня ўвяральнай граматы беларускага амбасадара 3 ліпеня Ўладзімр Пуцін паведаміў, што перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам заплянаваныя на 18 ліпеня на форуме рэгіёнаў у Санкт-Пецярбурзе, піша ТАСС.
Дзяржаўныя беларускія СМІ пазьней таксама паведамлялі пра гэтую дату. Але Лукашэнка раней казаў, што паедзе на форум, а таксама разам з Пуціным «на Валаам маліцца».
Паводле Пуціна, на сустрэчы будзе абмяркоўвацца тэматыка «саюзнай дзяржавы» і «далейшага разьвіцьця цесных інтэграцыйных сувязей». Да таго пра тэму інтэграцыі Пуцін і расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў згадвалі ў віншаваньнях Беларусі з Днём незалежнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея нагадала пра «паглыбленьне інтэграцыі» ў віншаваньні Лукашэнку з Днём незалежнасьціАпошні раз Пуцін і Лукашэнка бачыліся на закрыцьці Эўрапейскіх гульняў у Менску 30 чэрвеня, да таго — 29 траўня ў Нур-султане.
У канцы мінулага году Мядзьведзеў прапаноўваў рэалізаваць пункты «саюзнай дамовы» 1999 году — прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты ў кантэксьце цэнаў на газ і кампэнсацыі падатковага манэўру пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны – гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён. На ліпень заплянаванае чарговае абмеркаваньне «паглыбленьня інтэграцыі» між Пуціным і Лукашэнкам. З інтэграцыйнымі пытаньнямі Расея цяпер зьвязвае прадстаўленьне Беларусі крэдытаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка далучыўся да дыскусіі, як абараняць Бацькаўшчыну