Міністэрства адукацыі прыняла пастанову аб новым парадку налічэньня грошай, які пачне дзейнічаць 1 студзеня 2020 году.
Асноўныя зьмены — прывязка заробкаў і надбавак да новай велічыні, «базавай стаўкі», а таксама перагляд тарыфных разрадаў і новы сьпіс надбавак да акладу.
Базавую стаўку вызначае Савет міністраў, яна роўная цяпер 180 рублям. Як часта гэтую базавую стаўку будуць карэктаваць і да чаго яна прывязаная, ня вызначана дакладна, але плянавалася, што яе будуць пераглядаць штогод 1 студзеня з улікам прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця і што яна будзе блізкая да пражытковага мінімуму.
Колькасьць тарыфных разрадаў, паводле якіх налічваецца аклад, скароціцца да 18 зь цяперашніх 27.
Што з надбаўкамі
Да акладу вызначаныя стымулявальныя і кампэнсацыйныя выплаты — прыкладам, за спэцыфіку працы ў залежнасьці ад кваліфікацыйнай катэгорыі, выкладаньне на замежнай мове, працу зь дзецьмі-інвалідамі, падрыхтоўку вучняў да алімпіядаў, арганізацыю харчаваньня, абарону правоў дзяцей з праблемных сем’яў і іншае.
Летась віцэ-прэм’ер Аляксандар Турчын казаў, што ў заробках бюджэтнікаў аклад мае складаць 50–60%, астатняе — надбаўкі.
Надбаўкі розьняцца па памеры. Для кагосьці гэта можа быць палова акладу, для кагосьці — толькі 18 рублёў. Напрыклад:
- Выхавальнікам дамоў-інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця і выхавальнікам дзіцячых калёніяў могуць налічыць 10% акладу «за спэцыфіку працы», пэдагагічным працаўнікам без кваліфікацыйнай катэгорыі — 25% акладу, з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй — 10% (у Акадэміі кіраваньня — 60%), начальніку інтэрнату або спартовага клюбу — 60%, настаўнікам-мэтадыстам і спэцыялістам прафэсарска-выкладчыцкага складу — 60–80%.
- Прыёмным бацькам — выхавальнікам дзіцячага дому ў залежнасьці ад колькасьці дзяцей — ад 10% базавай стаўкі за аднаго да 200% базавай стаўкі за 10 дзяцей і больш.
- За алімпіяднікаў, харчаваньне, алімпіяды, іншаземцаў і іншыя аспэкты «характару працы» могуць налічваць да 60% базавай стаўкі за кожны аспэкт.
- Маладым спэцыялістам на працы па разьмеркаваньні будуць налічваць надбаўку ў 30% акладу (45% — «адоранай і таленавітай моладзі»).
- За працу ў сельскай мясцовасьці надбаўка складзе 20% базавай стаўкі, за кіраваньне аўтобусам з вучнямі — 50% акладу.
Заробкі ўпадуць ці вырастуць?
Міністарка працы Ірына Касьцевіч раней сьцьвярджала, што сыстэму аплаты працы хочуць спрасьціць, бо цяперашняя — «грувасткая» і не мянялася дзясяткі гадоў, а празь вялікую колькасьць надбавак яна аказалася «разбалянсаванай». Пры новых умовах аплаты Мінпрацы абяцала не дапусьціць зьніжэньня ўзроўню заробкаў. На 2019 год для бюджэтнікаў улады плянавалі рост заробкаў на 4%.
У І квартале 2019 году сярэдні налічаны заробак у галіне адукацыі (да выманьня падаткаў і збораў) склаў 713,2 рубля. Паводле сярэдняга курсу Нацбанку за квартал гэта 332,37 даляра. Год таму, у I квартале 2018 году, той заробак быў роўны 616,6 рубля або 312,36 даляра, то бок за год вырас на 6,4% у даляравым эквіваленце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярэднестатыстычны беларус мае «па трыста пяцьдзясят». Як зьмяніліся заробкі і даходы беларусаў у 2018 годзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінпрацы: рост рэальных заробкаў беларусаў запаволіцца. Урад: або зусім спыніцца