Паводле папярэдняй інфармацыі, на Данбасе загінуў 21 грамадзянін Беларусі.
1 ліпеня стала вядома пра сьмерць у баях на Данбасе яшчэ аднаго беларуса — ураджэнца Гомля 21-гадовага Рамана Бязрукава, які ваяваў на баку прарасейскіх сіл, так званых «ЛДНР». Свабода сабрала зьвесткі пра ўсіх ураджэнцаў Беларусі, якія загінулі ў вайне на Данбасе — як на баку сэпаратыстаў, так і на баку ўрадавых сіл Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабуля гамельчука, які загінуў на Данбасе: «Каму ён, сірата, быў патрэбны?»У цэнтры недзяржаўнай украінскай арганізацыі «Міратворац» сьцьвярджаецца, што за ўвесь час вайсковага канфлікту на Данбасе загінулі 13 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, якія ваявалі ў складзе незаконных вайсковых фармаваньняў так званых «Луганскай і Данецкай народных рэспублік».
Загінулі за «ЛДНР»
31 жніўня 2014 году ў Луганскім аэрапорце загінуў Васілеўскі Вадзім Кліменцевіч (нарадзіўся ў 1974 годзе). У 1996-м ён скончыў Ленінградзкае вышэйшае каманднае вучылішча. Ваяваў у адным з батальёнаў «ЛНР» пад пазыўным «Маршал» намесьнікам камандзіра ўзводу. Пахаваны 14 верасьня 2014 году ў Менску. Ня выключаная ягоная сувязь з групай Вагнера.
16 лютага 2015 году загінуў Мельнікаў Аляксандар Алегавіч, згарэў у танку. Ён нарадзіўся ў 1988 годзе ў вёсцы Навасёлкі Магілёўскай вобласьці. Ваяваў пад пазыўным «Мел», пахаваны на радзіме.
Сьцебіхаў Сяргей Віктаравіч, які нарадзіўся ў 1975 годзе ў Асіповічах Магілёўскай вобласьці, загінуў 20 красавіка 2015 году, падарваўшыся на міне ў Алчэўску Луганскай вобласьці. Ваяваў пад пазыўным «Вараг» у так званым «Добраахвотніцкім камуністычным атрадзе» са студзеня 2015 году пасьля падрыхтоўкі ў Растоўскай вобласьці. На радзіме быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўленьня волі і адбыў гэтае пакараньне.
3 ліпеня 2015 году ў паселішчы Раеўка на Луганшчыне загінуў Васілеўскі Вадзім Аляксандравіч. Ён нарадзіўся ў Латвіі ў 1980-м, але быў прапісаны ў Менску. На Данбасе ваяваў пад пазыўным «Мядзьведзь», яго таксама зьвязваюць з групай Вагнера. Месца пахаваньня невядомае.
9 студзеня 2016 году загінуў Конанаў Яўген Юрʼевіч. Ён нарадзіўся ў Магілёве ў 1978 годзе. Удзельнічаў у баявых дзеяньнях у Данецкай вобласьці з траўня 2014 году. На момант гібелі пад пазыўным «Кот» узначальваў батальён «Рэспубліканскай гвардыі ДНР» у званьні падпалкоўніка. Пахаваны на тэрыторыі Данецкай вобласьці.
Ястрабаў Уладзімер Ігаравіч, які нарадзіўся ў 1987 годзе ў вёсцы Навасёлкі Магілёўскай вобласьці, загінуў у расейскай Цьверы — яго знайшлі 20 студзеня 2016 году павешаным са сьлядамі катаваньняў. Да ўдзелу ў баявых дзеяньнях на Данбасе ён працаваў у адным з начных клюбаў Магілёва. Вайсковую службу ў Беларусі праходзіў у войсках спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. У «ЛНР» ваяваў у складзе групы хуткага рэагаваньня «Бэтман». Пахаваны ў Навасёлках Магілёўскай вобласьці.
Мокіч Андрэй Генадзевіч загінуў 15 красавіка 2016 году ў раёне паселішча Жалабок Луганскай вобласьці ад кулявога раненьня ў патыліцу. Нарадзіўся ў Менску ў 1975 годзе. Ваяваў пад пазыўным «Юпіцер» з сакавіка 2015 году пасьля навучаньня на базе ў Растоўскай вобласьці. Месца пахаваньня невядомае.
1 студзеня 2018 ў выніку неатрыманьня мэдыцынскай дапамогі загінуў Аўдзееў Георгі Міхайлавіч. Ён нарадзіўся ў Гомельскай вобласьці, меў беларускі пашпарт, але стала пражываў у Расеі. Вядома, што ў 1986 годзе ён скончыў Віленскае вышэйшае каманднае вучылішча па спэцыяльнасьці «Радыёэлектроніка войскаў СПА». Быў майстрам спорту ў кулявой стральбе і ў картынгу. Ваяваў у складзе групы «Бача» ў «ДНР» пад пазыўным «Жора». Пахаваны ў Данецку.
Ураджэнец Гомля 21-гадовы Раман Бязрукаў забіты сёлета 30 сакавіка пры правядзеньні ваеннай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Падрабязнасьці ягонай гібелі не ўдакладняюцца. Вядома, што ён нарадзіўся ў Гомлі ў 1998 годзе. Па стане на 1 студзеня 2018 году знаходзіўся ў чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў у Чыгуначным раёне Гомля як пазбаўлены бацькоўскай апекі або сірата.
У іншых, неафіцыйных сьпісах, якія складаюць праўкраінскія грамадзяне ў акупаванай частцы Данбасу, загінулымі называюць яшчэ чатырох беларусаў.
14 сьнежня 2014 году загінуў ураджэнец Берасьця Дзьмітры Калашнікаў. Падрабязнасьці ягонай сьмерці не ўдакладняюцца. Ваяваў пад пазыўным «Калаш». Нарадзіўся ў 1988 годзе.
1 лютага 2015 году пад Троіцкім у Луганскай вобласьці ў часе вайсковай апэрацыі загінуў Напрэеў Сяргей Сяргеевіч. Ён нарадзіўся ў 1985 годзе ў Горадзенскім раёне. Ваяваў пад пазыўным «Напрэй» у асобнай «славянскай» мотастралковай брыгадзе «ЛНР».
24 сьнежня 2015 году загінуў Савішчаў (або Савічаў) Вадзім Сяргеевіч — падарваўся на міне пад Камінтэрнавам у Данецкай вобласьці. Ваяваў выведнікам у 9-м асобным мотастралковым палку «ДНР» пад пазыўным «Плюс».
22 ліпеня 2018 году ў Харцызку Данецкай вобласьці ад хваробы нырак памёр ураджэнец Полацку Дзяніс Міхейка. Ён нарадзіўся ў 1983-м. На момант сьмерці пасьпеў атрымаць «грамадзянства ДНР».
Загінулі за Ўкраіну
Паводле ўкраінскіх актывістаў, якія пры падтрымцы Нацыянальнага вайскова-гістарычнага музэю Ўкраіны распрацавалі электронную «Кнігу памяці палеглых за Ўкраіну», у баях за Ўкраіну загінулі 8 ураджэнцаў Беларусі — яны ваявалі ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў і ва Ўзброеных сілах Украіны.
- Будзько Аляксандар Анатолевіч, нарадзіўся ў Гомлі, загінуў 17 лістапада 2014 году ў раёне Дэбальцава Данецкай вобласьці. Пахаваны ў Чарнігаве.
- Вярэніч Алег Уладзімеравіч (псэўданім «Лешы»), нарадзіўся ў Лунінцы, загінуў 9 верасьня 2016 году пад Мар’інкай Данецкай вобласьці. Пахаваны ў вёсцы Новая Парафіеўка, Харкаўская вобласьць.
- Ганчарэнка Васіль Уладзімеравіч (псэўданім «Вагон»), нарадзіўся ў Наваградку, памёр 31 жніўня 2014 году ў «выніку захворваньня і фальшывага дыягназу». Пахаваны ў горадзе Белая Царква, Кіеўская вобласьць.
- Казачонак Дзьмітры Валер’евіч, нарадзіўся ў вёсцы Засьценкі Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці, загінуў 7 траўня 2015 году пад паселішчам Луганскае, Арцёмаўскі раён, Данецкая вобласьць. Пахаваны ў вёсцы Куразваны, Гашчанскі раён, Ровенская вобласьць.
- Падароўскі Алег Генадзевіч (псэўданімы «Сьняжок» і «Анубіс»), нарадзіўся ў Берасьці, памёр 3 лістапада 2016 году ў выніку цяжкага захворваньня. Пахаваны ў Дняпры.
- Сокалачка Юры Іванавіч, нарадзіўся ў вёсцы Ластаўкі, Кобрынскі раён, Берасьцейская вобласьць, загінуў 28 верасьня 2014 году падчас абароны Данецкага аэрапорту. Пахаваны ў Закарпацкай вобласьці.
- Туркоў Ігар Леанідавіч (псэўданім «Партызан»), нарадзіўся ў Наваполацку, загінуў 12 лютага 2015 году падчас «зачысткі» тэрыторыі ад рэшткаў незаконных узброеных фармаваньняў каля вёскі Логвінава, на трасе Дэбальцава — Арцёмаўск, Данецкая вобласьць. Пахаваны ў Дняпры.
- Чаркашын Аляксандар Мікалаевіч (псэўданім «Тарас»), нарадзіўся ў Берасьці, памёр 28 жніўня 2015 году ад раненьняў, атрыманых у баі каля вёскі Белая Камянка, Данецкая вобласьць. Пахаваны ў Берасьцейскім раёне.
У Беларусі за ўдзел у баявых дзеяньнях за мяжой — крымінальная адказнасьць
У Беларусі ўсе грамадзяне, якія бяруць удзел у баявых дзеяньнях на Данбасе на баку ўрадавых ці сэпаратысцкіх войскаў, перасьледуюцца паводле артыкулу 361-3 Крымінальнага кодэксу («Удзел ва ўзброеным фармаваньні аднаго з супрацьлеглых бакоў на тэрыторыі замежнай дзяржавы, а роўна ўдзеле ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях без упаўнаважаньня дзяржавы і пры адсутнасьці прыкмет наёмніцтва»).
Вядома прынамсі пра два выпадкі, калі былі асуджаныя грамадзяне Беларусі, якія ваявалі на баку Ўкраіны — жыхар Наваполацку Тарас Аватараў быў асуджаны на 5 гадоў за незаконнае абарачэньне і кантрабанду выбуховага прыстасаваньня, а жыхар Віцебску Станіслаў Ганчароў пакараны 7 гадамі калёніі за злоснае хуліганства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены ўдзельнік вайны на Данбасе паскардзіўся, што яму не даюць спаць у беларускай калёнііПазьней стала вядома і пра два выпадкі асуджэньня беларусаў, якія ваявалі на баку «ЛДНР». Жыхар Паставаў Аляксей Яршоў быў пакараны 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.+
А ў кастрычніку 2018-га Менскі абласны суд прысудзіў 5 гадоў зьняволеньня 25-гадоваму жыхару Салігорску, які падчас свайго адпачынку адправіўся ваяваць за адну з самаабвешчаных рэспублік на ўсходзе Ўкраіны.
Ва Ўкраіне пачаўся судовы працэс над беларусам з «ДНР»
Летась у жніўні спэцслужбы Ўкраіны на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі Данецкай вобласьці затрымалі грамадзяніна Беларусі Дзьмітрыя Новікава, які ваяваў у складзе незаконных узброеных фармаваньняў «ДНР».
Яго абвінавачваюць у стварэньні тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі — згодна з часткай 1 артыкулу 258-3 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны за гэтае злачынства прадугледжваецца пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.
Дружкаўскі суд Данецкай вобласьці 11 чэрвеня пачаў папярэдні разгляд справы Дзьмітрыя Новікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве беларускія вэтэраны вайны на Данбасе патрабавалі ад прэзыдэнта грамадзянства Ўкраіны