Беларускія і літоўскія сілавікі правялі сумесную спэцапэрацыю.
Галоўная ўправа барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) заявіла, што 36-гадовы Міхаіл Плышэўскі падмануў сама меней сем чалавек і зь іхнымі грашыма — каля 100 тысяч даляраў — зьехаў за мяжу.
Апэратыўнікі таксама падазраюць яго ў датычнасьці да злачыннай групы, якая крадзе грошы з рахункаў жыхароў Эўразьвязу.
Плышэўскі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, але зьвёз з сабой сваю маленькую дачку. Для гэтага ён падрабіў згоду маці на выезд за мяжу.
Ён пасьпеў пажыць у Расеі, Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, Інданэзіі, Турцыі, Францыі, Украіне, краінах Балтыі. Паводле сьледчых, там ён ня меў сталага месца жыхарства і працы, здабываў грошы злачынствамі. А дачка заставалася без належнага догляду і мэдыцынскага абслугоўваньня.
Цяпер Плышэўскі ў сьледчым ізалятары чакае экстрадыцыі. А ягоная дачка — у віленскай службе абароны правоў дзяцей. Неўзабаве яна вернецца ў Менск да маці.
Справу супраць яго завялі за махлярства (4-я частка 209-га артыкулу Крымінальнага кодэксу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабуля гамельчука, які загінуў на Данбасе: «Каму ён, сірата, быў патрэбны?»