Справу аб атручэньні дзяўчынкі Стэфаніі чадным газам пачалі разглядаць у судзе Ленінскага раёну Горадні 1 ліпеня. На лаве падсудных — кантралёр пячной гаспадаркі, які правяраў жытло перад трагедыяй.
Грэла ваду газавай калёнкай і атруцілася
12-гадовая дзяўчынка загінула летась у лютым. Яна мылася ў ванным пакоі, уключыўшы газавую калёнку, і атруцілася чадным газам.
Справу разглядае судзьдзя Юры Казакевіч. Пракурор — Мікіта Мысьлівец.
Падсудны па справе — 29-гадовы кантралёр пячной гаспадаркі Горадзенскага абласнога камбінату супрацьпажарных работ Вадзім Місько. Яго абвінавачваюць у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці (ч. 1 арт. 144 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Цяпер Місько пад падпіскай аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Згодна з артыкулам, яму пагражае пакараньне ў выглядзе папраўчых працаў да двух гадоў, абмежаваньне або пазбаўленьне волі да трох гадоў.
Місько скончыў хіміка-тэхналягічны каледж. Працуе ў камбінаце супрацьпажарных работ 8 гадоў — усё сваё прафэсійнае жыцьцё. Жанаты, ёсьць двухгадовае дзіця, у лістападзе жонка мае нарадзіць другое.
Кантралёр: «Я свае абавязкі выканаў»
Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, дзяўчынка загінула ў выніку таго, што Місько ня выканаў у поўнай меры свае абавязкі.
Згодна з пракурорам, менш як за месяц да трагедыі Місько спраўджваў у кватэры, дзе жыла сям’я школьніцы, ці ёсьць цяга ў вэнтыляцыйных і дымавых каналах, і выявіў шэраг парушэньняў. Забітыя каналы трэба было пачысьціць. Няспраўнае абсталяваньне пры выкарыстаньні прапускала ў жылыя памяшканьні кватэры чадны газ. Аднак кантралёр не зрабіў адпаведных высноваў, не паведаміў у адказныя арганізацыі, што трэба пачысьціць каналы, не зрабіў нічога, каб выправіць парушэньні.
Місько цалкам не прызнаў сваю віну.
Ён расказаў суду, што праверкі вэнтыляцыйных і дымавых каналаў праводзіліся раз на квартал.
У кватэры, дзе пазьней загінула дзяўчынка, ён у студзені выявіў некалькі парушэньняў, у тым ліку — што няма «ачышчальнай кішэні». Гэта абавязковая частка сыстэмы вэнтыляцыйных і дымавых каналаў — люк, які дазваляе спраўдзіць канал і пачысьціць яго. Аднак шмат у якіх кватэрах гэтых «кішэняў» няма, гаспадары закладаюць іх пліткай.
Да таго ж у згаданай кватэры ён выявіў няўстойлівую цягу, таму ня ўнёс яе ў сьпіс кватэр, дзе з абсталяваньнем усё ў парадку.
— Ці мог трапіць чадны газ у ванны пакой праз тое, што была няўстойлівая цяга? — запытаўся адвакат.
— Я не магу гэтага сказаць, — адказаў абвінавачаны.
Ён патлумачыў, што ягоныя высновы з праверак бачаць потым ЖЭС і «Гаргаз».
— Ці паведамляеце вы ў адказныя органы, калі выявіце адсутнасьць цягі? — запытаўся пракурор.
— Не паведамляю. У практыцы такога няма, — адказаў абвінавачаны.
Па словах Місько, у ягоныя абавязкі не ўваходзіць і ліквідаваць няспраўнасьці, пакуль на тое няма асобнай заяўкі. Камбінат пячнога абсталяваньня, дзе ён працуе, — падрадчык, а не заказчык працаў. Заяўка можа паступіць ад ЖЭСа або «Гаргаза», калі тыя убачаць вынікі праверкі.
«Прачыстка — гэта вялікі спэктар працаў, аднаму іх не зрабіць. Гэта шэраг узгадненьняў... Гэта можа заняць некалькі дзён», — кажа Місько.
Яшчэ адна рэч, на якую ён зьвярнуў увагу гаспадароў кватэры, — газавая калёнка была ў ванным пакоі, а ня ў кухні. Апошнім часам газавікі раілі пераносіць газавыя калёнкі на кухню дзеля бясьпекі.
У дакумэнце па выніках праверкі Місько адзначыў, што кватэра непрыдатная да эксплюатацыі. Ён параіў гаспадарам не карыстацца газавым абсталяваньнем і зьвярнуцца ў ЖЭС, каб пачысьціць каналы.
Кажа, што заяўку пачысьціць каналы ў гэтай кватэры іхняй арганізацыі ніхто не даваў. Яму вядома, што пасьля ягонай праверкі ў кватэру прыходзілі супрацоўнікі ЖЭСа і рабілі нейкія працы, але якія — дакладна ня ведае.
«Завал (канала) мог утварыцца і пасьля маёй праверкі. Калі б быў завал, цягі зусім бы не было», — кажа Місько.
Ён патлумачыў, чаму не прызнае сваёй віны.
«Я свае абавязкі выканаў. Я інфармацыю давёў», — кажа Місько.
Маці: «Адзін не дагаварыў адно, другі не дарабіў другое»
Пацярпелай прызнаная маці загінулай дзяўчынкі Ганна Карпінчык. Стэфанія была ў яе адзіным дзіцем.
Кватэру набывалі адразу з газавай калёнкай, нікуды яе не перамяшчалі. Дамову на абслугоўваньне вэнтыляцыйных каналаў не заключалі.
Па словах маці дзяўчынкі, заўваг ад камбіната супрацьпажарных работ пра няспраўнасьці не паступала. Пра адсутнасьць ачышчальнай кішэні ёй сказалі супрацоўнікі ЖЭСа падчас аднаго з наведваньняў. Спэцыялісты рэгулярна заходзілі правяраць кватэру.
«Яны прыходзілі, запальнічкай чыркалі. Я расьпісвалася, яны сыходзілі. Гэта заўсёды адбывалася хутка», — успамінае жанчына.
Раней нікому ў сям’і не станавілася кепска праз чадны газ, на працу газавай калёнкі ніхто ня скардзіўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа паўтарыцца барысаўская газавая трагедыя?Маці з плачам расказала, што адбывалася ў дзень трагедыі.
Ейная дачка Сьцеша сказала, што пойдзе памыцца. У нейкі момант жанчына ўбачыла, што на кухні і ў калідоры на падлозе стаіць вада. Зазірнула ў ванны пакой і ўбачыла дачку ў вадзе. Дастала, пачала рабіць штучнае дыханьне, выклікала «хуткую».
Спачатку яна падумала, што дачцэ стала кепска, тая страціла прытомнасьць і захлынулася ў вадзе.
Аднак потым сваякі ўбачылі, што кот, які сядзеў у той момант у ванным пакоі, таксама страціў прытомнасьць. Так зьявілася вэрсія пра чадны газ, якая пазьней пацьвердзілася.
У гэтай кватэры сям’я больш не жыве.
Карпінчык адзначыла, што пакідае пакараньне на разгляд суду. Яна не прасіла кампэнсаваць ні матэрыяльную, ні маральную шкоду.
«Я думаю, нельга сказаць, што адзін чалавек вінаваты. Адзін не дагаварыў адно, другі не дарабіў другое. Кожны пакрыху. Нядобрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі», — кажа маці загінулай дзяўчынкі.
Падчас расьсьледаваньня крымінальнай справы сьледчыя выявілі ў арганізацыі дзейнасьці Горадзенскага абласнога камбінату супрацьпажарных работ, унітарнага прадпрыемства «Гроднааблгаз» і УЖРЭП (унітарнага жыльлёвага рамонтна-эксплюатацыйнага прадпрыемства) Ленінскага раёну Горадні шэраг іншых парушэньняў, не зьвязаных са сьмерцю дзяўчынкі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Львове маладая беларуская пара атруцілася чадным газам. Дзяўчына загінула