Фільм «Сума» («Summa») беларускага рэжысэра Андрэя Куцілы атрымаў галоўны прыз XXXIII Міжнароднага фэстывалю дакумэнтальнага і антрапалягічнага кіно ў эстонскім Пярну.
Паводле журы, фільм адзначаны «як найлепшае мастацкае дасягненьне і вельмі важнае пасланьне».
Андрэй Куціла сказаў карэспандэнту Свабоды, што фэстываль у Пярну называюць «антрапалягічным».
«Фэстываль невялікі, але досыць вядомы, рэжысэры-дакумэнталісты пра яго ведаюць, ён займае ўнікальную нішу — ня гоніцца за актуальным кіно, а адбірае фільмы, якія кажуць нам пра чалавека істотныя, глыбінныя рэчы яго існаваньня ў прыродным і культурным кантэксьце».
Андрэй Куціла сказаў, што рады новай узнагародзе.
«Летась, напрыклад, гран-пры атрымаў фільм „Аб айцах і сынах“ — хіт міжнародных фэстываляў, пераможца Sundance, намінант на Оскар. Таму мне таксама прыемна, што наш з Тацянай Бембель фільм Summa ўпісаны ў гісторыю гэтага фэстывалю».
«Сума» — гэта гісторыя сяброўства паміж старым польскім мастаком Анджэем Струмілам і маладой беларускай мастачкай Марыяй. «Наша агульная антычнасьць» — так называе эпоху ВКЛ пан Анджэй, які жыве ў вёсцы на паўночным усходзе Польшчы. Нягледзячы на свае 90 з гакам, ён займаецца жывапісам і гадуе арабскіх коней. Нібыта ў паралельным сьвеце існуе Марыя, якая вырасла ў спальным раёне на ўскраіне Менску. Маладую жанчыну вабяць дзівосныя таямніцы жыцьця, якія хаваюцца ў сьвеце пана Анджэя. І яна ўцякае туды без аглядкі, пакідаючы ў Беларусі мужа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ляўрэат кінафэсту ў Амстэрдаме: Ня ведаю ніводнага творцы, які б не здрыгануўся ад прозьвішча Дрыгі