«Чакалі горшага». Арганізатары #БНР100 пра адкрыцьцё і закрыцьцё Эўрапейскіх гульняў

Цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця Эўрапейскіх гульняў былі прысьвечаныя ня толькі спорту, але і нацыянальнаму калярыту: адкрыцьцё — гісторыі, закрыцьцё — сучаснасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Надзіманая бібліятэка, зубар-нацыяналіст і «халі-галі». Якую Беларусь паказалі Пуціну на закрыцьці Эўрапэйскіх гульняў. ФОТА

Што думаюць пра цырымоніі тыя, хто ладзіў сьвяты, арыентаваныя цалкам на гісторыю і сучаснасьць Беларусі, — мітынгі-канцэрты на Дзень Волі?

Дырэктар Symbal.by і адзін з арганізатараў мітынгаў-канцэртаў на Дзень Волі (#БНР100 у Менску і #БНР101 у Горадні) Павал Белавус сказаў Свабодзе, што яму цяжка разважаць пра пастаноўку шоў у межах спартовых гульняў, але падзяліўся сваімі парадамі.

Павал Белавус на #БНР101 у Горадні, 23 сакавіка 2019 году

«Я глядзеў і адкрыцьцё, і закрыцьцё — агулам такое ўражаньне, што чакалася горшага, — прызнаецца Белавус. — Было даволі цікава глядзець, я ня ведаў, напрыклад, што на закрыцьці будуць выступаць і Naviband, і Šuma. Гэта было прыемна.

Я б, вядома, зрабіў усю праграму беларускамоўнай, з сынхронным перакладам на ангельскую і расейскую мовы. Яшчэ больш дадаў бы нейкага нацыянальнага калярыту. Усё ж гэтую трансьляцыю глядзіць больш людзей, чым звычайныя эфіры БТ, таму я б зрабіў яшчэ большы акцэнт на папулярызацыі сваіх людзей і артыстаў».

Яшчэ адзін арганізатар #БНР100 і #БНР101, дырэктар «Арт-сядзібы» Алесь Сьнег кажа пра неадназначныя ўражаньні ад цырымоніі.

Алесь Сьнег, архіўнае фота

«Даволі цікавы склад гуртоў быў на закрыцьці, — адзначае Сьнег. — Калі выйшлі ў майках з арнамэнтам „Лепрыконсы“, гэта вельмі ўразіла; і як людзі ім падпявалі. І калі выйшла IOWA і вакалістка пачала прамаўляць па-беларуску, гэта вельмі важна. І трэба адзначыць, як Naviband засьпявалі на беларускай мове…

Вядома, там Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz і Akute — вось такіх мастадонтаў беларускай музыкі не хапала. А так музычная частка была даволі добрая. Ды калі яны ставілі частку, дзе была нібыта сучасная Беларусь, а там танчылі дыскатэчную музыку, то гэта нагадвала „нулявыя“ гады — хоць і цяпер такое ёсьць, але гэта адсылка не да такога сучаснага 2019 году, а да 2000–1999-га.

Што была там Нацыянальная бібліятэка... Магчыма, я не зразумеў сэнс, для чаго яна пасярэдзіне, бо ў нас шмат жа розных помнікаў і славутасьцяў. На адкрыцьці былі замкі, а цяпер мо вырашылі, што раней былі замкі, а сёньня бібліятэка нароўні з замкамі. Але ж гэта ня так».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрадыскатэка. Як Менск разьвітаўся з ІІ Эўрапейскімі гульнямі. ФОТА

Твары гледачоў на канцэрце #БНР100 каля Опэрнага тэатру. ФОТА

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.