Надзіманая бібліятэка, зубар-нацыяналіст і «халі-галі». Якую Беларусь паказалі Пуціну на закрыцьці Эўрапэйскіх гульняў. ФОТА

Маскот ІІ Эўрапейскіх гульняў Лесік «зьлятае» на бусле ў час цырымоніі закрыцьця, 30 чэрвеня 2019 году

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прыляцеў на цырымонію закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў.

Што было, сьцісла

На закрыцьці гульняў паказалі:

  • гіганцкую фігуру Нацыянальнай бібліятэкі. На яе праектавалі разнастайнае відэа, і выглядала яна надзіманай;
  • песьні «Лявоніха» і «Касіў Ясь канюшыну» ў сучаснай апрацоўцы;
  • вяртаньне гіганцкай галавы зубра, якая прамовіла: «Я быў тут адвеку. Я бачыў, як адступае мора і растаюць ледавікі. Я бачыў, як кволы парастак робіцца магутным дрэвам. Я голас гэтай зямлі, я яе моц, яе душа. Мой дружа, помні сваю гісторыю – безь мінулага няма будучыні. Гэта твой час. Я беларус, мы беларусы»;
  • выступы сучасных беларускіх гуртоў на расейскай і беларускай мовах, ад IOWA і J:морс да Naviband і Šuma;
  • песьню «Хали-гали, паратрупер» гурту «Леприконсы» ў стылі ска-панку з сымфанічным аркестрам (уладальнік крамы Symbal.by Павал Белавус апазнаў у сцэнічных касьцюмах гурту вышымайкі са сваёй крамы);

  • «былога ўдзельніка Iron Maiden» на акампанэмэнце адной зь песень — Тоні Мур іграў у славутым брытанскім мэтал-гурце толькі менш за год (1977) зь ягонай больш як 40-гадовай гісторыі, выступіў толькі некалькі разоў і не гучаў ні на адным з запісаных альбомаў;

IOWA

  • прамову Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў, што гульні беларусы «падарылі сабе як сьведчаньне нашых магчымасьцяў», і што Беларусь — гэта «краіна, якая не стварае праблем і не выстаўляе прэтэнзій да суседзяў»;
  • запрашэньне турыстаў ад Аляксандра Лукашэнкі — ён сказаў іншаземцам: «Калі захочаце зноў пачуць цішыню, прыяжджайце да нас»;
  • выступ старшыні Эўрапейскага алімпійскага камітэту Янэза Качыянчыча. Ён заступаўся за зборную Расеі, якую раней дыскваліфікавалі з Алімпіяды за допінг, але на Эўрапейскіх гульнях дазволілі выступіць пад уласным сьцягам. Качыянчыч казаў, што выступае супраць калектыўнай адказнасьці;
  • дуэт расейскага сьпевака Мікалая Баскава (ляўрэата ордэна Скарыны) і беларускай сьпявачкі, заслужанай артысткі Аксаны Волкавай;
  • апошнія словы маскота гульняў, ліса Лесіка, прамоўленыя па-беларуску (але на пытаньне дзявочага голасу «Лесік, а ты вернесься?» ён не адказаў). Фінальная песьня гучала на расейскай і беларускай мовах.

Разам з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама ягонымі сынамі Мікалаем і Віктарам, прысутнічалі кіраўнікі Расеі, Армэніі і Таджыкістану — Уладзімір Пуцін, Армэн Саркісьян і Эмамалі Рахмон. Акрамя таго, побач зь імі прэзыдэнты Эўрапейскага і Міжнароднага алімпійскіх камітэтаў. Цырымонія пачалася а 22-й гадзіне 30 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На закрыцьці Эўрапейскіх гульняў — Лукашэнка, Пуцін, Саркісьян і Рахмон. ФОТА

Цырымонія адкрыцьця гульняў, якая прайшла 21 чэрвеня, была прысьвечаная гісторыі Беларусі: гледачам коратка прадставілі пэрыяды з гісторыі Беларусі — старажытны, сярэднявечны, а таксама пэрыяд новага часу і Другой сусьветнай вайны. Прысутным цытавалі Ўсяслава Чарадзея, Францішка Скарыну, Льва Сапегу і іншых беларускіх гістарычных асобаў.

Як расказалі арганізатары цырымоніяў адкрыцьця гульняў і закрыцьця, ужо падчас знаходжаньня ў Беларусі ў іх зьявілася ідэя паказаць таксама і сучасную Беларусь — гэта і паабяцалі зрабіць на цырымоніі закрыцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падараваў Пуціну лісяня Лесіка, пано з дубу і шакалядкі. ФОТА

Цырымонія закрыцьця Эўрапейскіх гульняў у Менску. ФОТА

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.