Як бы выглядаў саюз Беларусі і Расеі паводле прынцыпаў Люблінскай уніі

1 ліпеня 1569 году была падпісаная Люблінская ўнія. Дзьве краіны — Вялікае Княства Літоўскае і Польшча — аб’ядналіся ў адну фэдэратыўную Рэч Паспалітую.

Пайсьці на саюз з Польшчай ВКЛ змусіла вайна з Масковіяй і слабасьць Вялікага Княства, якую гэтая вайна раскрыла. Прыхільнікі саюзу старажытнай беларускай дзяржавы з Польшчай перакананыя, што Люблінская ўнія выратавала Вялікае Княства Літоўскае ад паглынаньня Масковіяй. Праціўнікі ўніі кажуць, што стварэньне Рэчы Паспалітай заклала пачатак заняпаду ВКЛ і палянізацыі яго элітаў.

Люблінская ўнія, Ян Матэйка

Сёньня былая Масковія зьяўляецца саюзьнікам афіцыйнага Менску. Дамове аб так званай саюзнай дзяржаве ўжо 22 гады, але моцы канстытуцыйнага закону яна так і не набыла. Апошнія паўгода Масква настойвае на афармленьні новых правілаў унутры «саюзу».

А як бы выглядаў сучасны саюз Расеі і Беларусі паводле прынцыпаў Люблінскай уніі? Давайце заменім у акце 1569 года Польшчу і ВКЛ на Расею і Беларусь.

Цытата з Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы

«Расейская Фэдэрацыя і Рэспубліка Беларусь — гэта адно непадзельнае і не асобнае цела, а таксама не асобная, а адзіная супольная Саюзная дзяржава, якая зь дзьвюх дзяржаваў і народаў у адзін народ сышлася і зьлілася».

Тэрытарыяльныя страты

Падчас перамоваў, якія адбываліся ў Расеі, беларуская дэлегацыя не пагадзілася з праектам перадачы траціны тэрыторыі РБ на карысьць Расеі. У выніку беларуская дэлегацыя ўчыніла дэмарш. Расейскі лідэр у такой сытуацыі прыняў рашэньня далучыць да Расеі чатыры беларускія вобласьці.

У Менску гэта палічылі парушэньнем закону і дамагаліся вярнуць страчаныя тэрыторыі. Але за далучэньне да Расеі прагаласавала арыстакратыя чатырох беларускіх абласьцей. Расейскі лідэр паабяцаў ім аўтаномію.

Лідэр

Паводле дамовы, новы лідэр Саюзнай дзяржавы павінен даваць прысягу ў Маскве. Асобная прысяга ў Менску ліквідуецца. Выбар новага кіраўніка можа адбыцца нават без удзелу прадстаўнікоў аднаго з народаў.

Парлямэнт

Парлямэнтарыі Беларусі ўключаюцца ў склад Дзярждумы Расеі. У вышэйшай палаце, сярод 140 сэнатараў, Беларусь атрымала 27 мандатаў. У ніжэйшай палаце ім далі 44 крэслы, а расейцы захавалі за сабой — 113.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія дэпутаты паедуць на 450-годзьдзе Люблінскай уніі. Але ВКЛ прадставіць Літва

Маёмасьць

Саюзная дамова адмяняе забарону набываць расейцам зямлю ў Беларусі. Арыстакратыя двух народаў можа набываць зямлю на тэрыторыі ўсёй Саюзнай дзяржавы.

Грашовая сыстэма

Уводзіцца супольная грашовая адзінка. Эмісійныя цэнтры — у Менску і Маскве.

Дзяржаўная адміністрацыя

Дамова пакідае цэнтральныя ўстановы, суды, зь ідэнтычнымі абавязкамі і правамі ў кожнай з краін.

Мова

Кожная з краінаў карыстаецца сваёй дзяржаўнай мовай.

Палітыка і войска

Захоўваюцца асобныя арміі Беларусі і Расеі. Але Менск і Масква абавязуюцца праводзіць супольную палітыку ў галіне абароны і міжнародных адносінаў.

Апошняя аналёгія

У 1569 годзе ВКЛ падпісала некарысны ёй Акт аб уніі зь дзяржавай, якая магла абараніць яе ад зьнікненьня і шматтысячных ахвяраў вайны. Калі правесьці аналёгію з сучаснасьцю, то падпісаць такую ж некарысную дамову з Расеяй Беларусь павінна толькі тады, калі танкі NATO гэтаксама цалкам спустошаць Горадню, як Іван Жахлівы ў 1563 годзе Полацк, а агрэсіўны Захад будзе пагражаць зьнікненьню беларускай дзяржаўнасьці.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.