Рэформы патрэбныя для таго, каб пазьбегнуць эканамічнай нестабільнасьці. Пра гэта заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр.
«Сусьветны банк на працягу многіх гадоў казаў, што Беларусі неабходныя структурныя эканамічныя рэформы для паскарэньня эканамічнага росту. Але сёньня наша пазыцыя трохі іншая: Беларусі вельмі неабходныя структурныя эканамічныя рэформы для таго, каб пазьбегнуць эканамічнай нестабільнасьці», — падкрэсьлівае Крэмэр у афіцыйным блогу Ўсясьветнага банку.
Ён адзначае, што ў найбліжэйшыя гады эканамічная сытуацыя можа істотна пагоршыцца, калі Беларусь не дамовіцца з Расеяй аб кампэнсацыі «падатковага манэўру». У прыватнасьці, МВФ прагназуе, што, калі краіна не атрымае кампэнсацыю ад Расеі за «падатковы манэўр», то Беларусі неабходна будзе знайсьці спосаб прыцягнуць 1,5 млрд даляраў у 2021 годзе, а ў 2022 годзе гэта сума павялічыцца да 2 млрд даляраў. Дзяржаўны доўг, паводле прагнозаў, вырасьце з 55% ВУП да 70% у 2019–2023 гадах.
«Такім чынам, цалкам верагодна, што ў 2020–2022 гадах эканоміка Беларусі зьведае істотную карэкцыю, каб скараціць разрыў паміж расходамі і даходамі. Гэтая карэкцыя будзе альбо сплянаванай і структураванай, што будзе цяжка, альбо яна будзе стыхійнай і дэструкцыйнай, што будзе яшчэ цяжэй», — падкрэсьлівае кіраўнік прадстаўніцтва Усясьветнага банку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белнафтахім»: страты ад падатковага манэўру склалі 130 мільёнаў даляраў за 5 месяцаўНа думку Алекса Крэмэра, самай важнай задачай зьяўляецца рэструктурызацыя сэктару дзяржаўных прадпрыемстваў, якая прадугледжвае некалькі ключавых момантаў.
- Па-першае, варта пакінуць прыбытковыя прадпрыемствы ў дзяржаўнай уласнасьці або прыватызаваць іх празрыстым чынам і па справядлівых рыначных цэнах.
- Па-другое, пакінуць пастаўнікоў дзяржаўных паслуг і рэгулятараў дзяржаўнымі, але дакладна вызначыць, што яны павінны даваць у абмен на дзяржаўныя сродкі.
- Па-трэцяе, рэструктурызаваць стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія можна было б хутка зрабіць прыбытковымі, забясьпечыўшы добрую аддачу ад дадатковых інвэстыцый.
- «Астатнія прадпрыемствы закрыць або прыватызаваць», — лічыць Крэмэр.
Разьмяркоўваць прадпрыемствы ў гэтыя катэгорыі, на думку Алекса Крэмэра, павінны незалежныя экспэрты, якія змогуць даць аб’ектыўную ацэнку, якія прадпрыемствы жыцьцяздольныя, а якія — не.
«На жаль, рэструктурызацыя прадпрыемстваў пацягне за сабой страту часткі працоўных месцаў. Але ёсьць спосабы падтрымаць тых, хто страціць сваю працу. Па-першае, неабходна працягнуць спрашчаць нарматыўна-праўную базу для мікрапрадпрыемстваў і самазанятасьці, а па-другое, узмацніць праграмы сацыяльнай абароны насельніцтва», — радзіць кіраўнік прадстаўніцтва Алекс Крэмэр.
«Нават калі пашырыць ужо існую праграму дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў пяць разоў, яна абыдзецца бюджэту ўсяго ў 0,1% ВУП (у 95 разоў менш за суму сродкаў, якія беларусы патрацілі на падтрымку дзяржаўных прадпрыемстваў у 2015 годзе). Таксама неабходна забясьпечыць належную праграму падтрымкі беспрацоўных», — мяркуе Крэмэр.
Паводле яго ацэнак, каб скараціць фінансавы разрыў, беларускаму ўраду неабходна будзе павялічыць свае даходы і скараціць расходы. Усясьветны банк рэкамэндуе адмяніць падатковыя льготы і скараціць субсыдыі на цэнтралізаванае ацяпленьне. Пры гэтым банк лічыць вельмі важным павялічыць расходы на безнаяўныя жыльлёвыя субсыдыі, каб рахункі за ацяпленьне ня сталі непад’ёмнымі для сямейнага бюджэту.
«Пры існай сыстэме дзяржаўнай падтрымкі больш багатыя сем’і ў сярэднім атрымліваюць больш субсыдый на ацяпленьне, чым больш бедныя. Таму неабходна ўмацаваць праграму субсыдыяў на аплату камунальных рахункаў, каб тая была накіраваная на найменш забясьпечаныя сем’і, а не на тых, хто валодае вялікай колькасьцю квадратных мэтраў», — лічыць Крэмэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк пагоршыў эканамічны прагноз па Беларусі на 2019–2021 гадыУ той жа час, канстатуе прадстаўнік Усясьветнага банку, Беларусь паляпшае ўмовы для вядзеньня бізнэсу і разьвіцьця IT-сэктару.
«Мы можам уявіць лепшую будучыню: з ростам заробкаў, высакаякаснымі дзяржаўнымі паслугамі, адукацыяй сусьветнага ўзроўню і абноўленай інфраструктурай — якая будзе забясьпечвацца коштам дынамічнага прыватнага сэктару і падаткаў, сплочаных кампаніямі. Але гэта — у доўгатэрміновай пэрспэктыве. І каб такая будучыня стала магчымай, Беларусі неабходна вырашаць сёньняшнія эканамічныя праблемы, ажыцьцяўляючы адпаведныя рэформы», — падсумоўвае кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.
Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі