«Гэты дурнаваты закон павінен быць зьменены»

Сымбаль аўтарскага права

Некалькі дзён таму я абураўся ў Фэйсбуку, што нямецкі музэй зажадаў ад мяне 15 эўраў за права выкарыстаць у артыкуле фота савецкіх ваеннапалонных у Беластоку. На параду аднаго з фрэндоў я спытаўся, ці ёсьць у музэя пісьмовы дазвол ад ваеннапалонных на фотцы, што яны ня супраць выкарыстаньня іх твараў.

У мяне падазрэньне, што пісьмовы дазвол яны не пісалі. Прыйшоў адказ.

«Дарагі Дзьмітры,

калі фатаграфіі ўяўляюць агульную гістарычную цікавасьць (або мастацкую вартасьць), яны могуць публікавацца бяз згоды паказаных на іх людзей. А паколькі запытаная вамі фатаграфія належыць калекцыі Нямецкага гістарычнага музэю, мы можам спаганяць плату».

Я, канешне ж, не плаціў і фота ня ўзяў. Не таму, што мне шкада 15 эўраў. Гэта выключна мая нязгода з гэтым нюансам аўтарскага права. Лічу проста несправядлівым, што здымак супрацоўніка аддзелу прапаганды Вэрмахту, зроблены ім падчас гвалтоўных дзеяньняў у акупаванай краіне, прадаецца. Так быць не павінна. (І гэта датычыць ня толькі немцаў.) Ён даўно аблічбаваны інстытуцыяй, якая працуе за фэдэральныя грошы. Фатограф таксама атрымаў за яго аплату. Музэй сам прызнае, што фота мае гістарычную вартасьць. А таму я лічу, што гандляваць правам карыстацца гэтай фоткай - непрыгожа. Гэта датычыць ня толькі нямецкіх архіваў.

Фатаздымкі, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасьць і належаць дзяржаўным установам, проста абавязаныя быць у публічным доступе для ўсіх. Гэтыя ўстановы фінансуюцца падаткаплатнікамі. Зь якой рацыі яны павінны плаціць другі раз за гэта? Усе фільмы, умоўна кажучы, Беларусьфільму і г. д, павінны быць у сеціве. Бо грамадзяне ўжо за іх заплацілі грашыма з падаткаў. Іншая справа - прыватныя калекцыі, там сваё вясельле.

Але калі грамадзкія ўстановы гандлююць фатаздымкамі, якія ўжо даўно аплачаныя - гэта тормаз для навукі і культуры ва ўсім сьвеце. Будаўнік дома не атрымлівае ганарараў ад кожнага чарговага жыхара гэтага дома. Гэты дурнаваты закон мусіць быць зьменены.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.