У менскім аэрапорце адбылася перадача ўкраінскаму палітыку Віктару Медвядчуку, якога ва Ўкраіне лічаць нефармальным прадстаўніком прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, чатырох украінскіх ваеннапалонных, якія знаходзіліся на тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей.
Вызваленыя ўкраінцы — гэта Эдуард Міхеў (1960 год нараджэньня), Максім Гарайнаў (1984), Якаў Верамейчык (1986) і Дзьмітры Вялікі (1988).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менск з акупаванага Данбасу прывезьлі чатырох украінскіх палонных. Колькі застаецца ў палоне?Віктар Медвядчук удакладніў, што палонныя былі дастаўленыя ў Менск самалётам з Растову.
«Кіеўская ўлада заняла іншую пазыцыю: не было палітычнай волі, былі іншыя жаданьні ў былога прэзыдэнта Парашэнкі і парлямэнта. Потым у Парашэнкі паўстала пячорная русафобія і казаць пра Менскія пагадненьні не прыходзілася. Партыя вайны ў парлямэнце была катэгарычна супраць усіх пагадненьняў. Я ня меў паўнамоцтваў», — патлумачыў журналістам Медвядчук, чаму раней ён ня мог вызваліць ваеннапалонных.
Апошні абмен палоннымі адбыўся 27 сьнежня 2017 году. Віной таму, што такіх выпадкаў не было больш, зьяўляецца Пятро Парашэнка, — заявіў Медвядчук.
«Данецк і Луганск прапаноўвалі гэта зрабіць, але ўкраінская ўлада на гэта не рэагавала, — адзначыў ён. — Гэта акт гуманізму з боку тых людзей, да якіх я зьвярнуўся. Сваякі многіх з тых, хто ўтрымліваецца ў Данецку і Луганску — паводле нашых дадзеных, але не па дадзеных Украіны, гэта 70 чалавек — зьвярталіся ў наш цэнтар, каб дапамагчы адшукаць і вызваліць тых людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістаў Радыё Свабода не пусьцілі на перадачу ўкраінскіх палонных у МенскуВіктар Медвядчук таксама сказаў, што «пасярэднікам Зяленскага» ніколі не быў і ня будзе. Па яго словах, ён прадстаўляе інтарэсы сваёй партыі і сваякоў тых людзей, якія тут знаходзяцца. І выказаў падзяку ўладам Беларусі.
Чацьвёра вызваленых ваеннапалонных ад камэнтароў адмовіліся. Толькі Эдуард Міхееў сказаў, што пра абмен яны даведаліся тры-чатыры дні таму.
- Менскія перамовы па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе аднавіліся ў пачатку чэрвеня – з прыходам да ўлады Ўладзіміра Зяленскага.
- Аб перадачы ваеннапалонных стала вядома на тле перадвыбарчай кампаніі ва Ўкраіне. 21 ліпеня ў краіне пройдуць пазачарговыя парлямэнцкія выбары. Паводле дадзеных сацыёлягаў, «Апазыцыйная плятформа – За жыцьцё», лідэрам якой зьяўляецца Медвядчук, можа заняць на іх другое месца.
- Украіна афіцыйна не вядзе наўпроставыя перамовы з «ДНР» і «ЛНР». Медвядчук заяўляе, што яго кантакты з сэпаратыстамі ў пытаньні аб палонных – яго асабістая ініцыятыва.