Прэзыдэнты ЗША і Расеі праводзяць перамовы ў Осацы

Архіўнае фота. Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнты ЗША і Расеі Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін праводзяць сустрэчу на палях саміту «Вялікай дваццаткі» (G-20) у японскім горадзе Осака.

Раней сёньня на саміце ў Осацы прэзыдэнты ЗША і Расеі пагутарылі «на нагах». Яны абмяняліся некалькімі фразамі і разам прайшлі на цырымонію фатаграфаваньня з удзельнікамі сустрэчы.

Прадстаўнік расейскага прэзыдэнта раней расказаў, што бакі абмяркуюць пытаньні стратэгічнай стабільнасьці і рэгіянальныя канфлікты. У прыватнасьці, сытуацыю ва Ўкраіне, у Сырыі, на Карэйскім паўвостраве, у Аўганістане і Вэнэсуэле, а таксама «іранскую праграму».

У першыя хвіліны сустрэчы Дональд Трамп паведаміў, што плянуе абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным пытаньні гандлю і раззбраеньня. Трамп адзначыў, што разьлічвае на выдатныя вынікі перамоваў з расейскім калегам.

Пуцін заявіў, што лічыць сустрэчу з Трампам у Осацы добрай магчымасьцю працягнуць дыялёг пасьля саміту ў Хэльсынкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў пра канец лібэралізму і пакараньне «здраднікаў»

Цяперашняя сустрэча — першая пасьля таго, як у канцы мінулага году Трамп адмяніў заплянаваныя перамовы з Пуціным на папярэднім саміце «Вялікай дваццаткі» ў Буэнас-Айрэсе. Прычынай стаў інцыдэнт з 24 украінскімі маракамі, захопленымі расейскімі памежнікамі ля берагоў анэксаванага Крыму. З тых часоў прэзыдэнты толькі аднойчы размаўлялі па тэлефоне ў траўні гэтага году.

Першая поўнафарматная сустрэча Трамп і Пуціна адбылася ў сярэдзіне ліпеня 2018 гадоў у Хэльсынкі. Абодва бакі тады адзначылі, што перамовы пайшлі добра. У лістападзе 2018 году раз лідэры дзьвюх краін коратка пагутарылі ў Парыжы на сьвяткаваньні стагодзьдзя з дня заканчэньня Першай сусьветнай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: У мяне будзе вельмі добрая размова з Пуціным