Паводле сьледзтва, двое грамадзян Расеі сьпярша хаваліся ў Горадзенскай вобласьці, а пасьля перабраліся ў сталічны мікрараён Серабранка. Яны хацелі зрабіць украінскія пашпарты, каб выехаць у Эўропу.
Двух грамадзянаў Расеі 36 і 40 гадоў затрымалі пры падтрымцы спэцпадразьдзяленьня «Алмаз» у менскім мікрараёне Серабранка, паведамляе МУС. Сьпярша мужчыны хаваліся ў Горадзенскай вобласьці, а пасьля перабраліся ў Менск.
Яны адмыслова доўга не затрымліваліся на адным месцы, кансьпіраваліся.
Іх падазраюць у сэрыі рабункаў у Варонескай вобласьці Расеі ў складзе злачыннай групоўкі.
Паводле зьвестак міліцыі, грамадзяне Расеі хацелі зрабіць сабе ўкраінскія пашпарты, каб перабрацца ў Эўропу. У міліцыі не выключаюць, што яны плянавалі нешта абрабаваць у Беларусі. Цяпер іх зьмясьцілі ў ізалятар і зьбіраюцца дэпартаваць у Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самасуд у менскай Серабранцы: за крадзеж з крамы зьвязвалі, білі малатком, выганялі голымі