Паплечнік прэзыдэнта Ўкраіны Уладзімера Зяленскага раскрытыкаваў дэмарш украінскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Старшыня партыі «Слуга народа» Дзьмітрый Разумкаў назваў выхад з ПАРЭ немэтазгодным, піша «Украінская праўда».
«Калі мы будзем прадстаўнікамі ўкраінскага парлямэнта, мы будзем адстойваць інтарэсы нашай краіны і на такіх пляцоўках. Таму гэта не канструктыўна, няправільна разьвярнуцца і сысьці, нягледзячы на тыя падзеі, якія, на жаль, адбыліся», — заявіў Разумкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПАРЭ вярнула паўнамоцтвы расейскай дэлегацыіПАРЭ на гэтым тыдні, нягледзячы на пратэст Кіева, вярнула паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі, якая раней была пазбаўленая права голасу за анэксію Крыма і падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе. Украіна ў знак пратэсту прыпыніла працу сваёй дэлегацыі і адклікала амбасадара пры Радзе Эўропы. ПАРЭ таксама пакінулі прадстаўнікі Польшчы, Літвы, Латвіі, Славаччыны, Эстоніі і Грузіі.
Сам Уладзімер Зяленскі раней заяўляў, што яго расчаравала рашэньне ПАРЭ па Расеі. Прэзыдэнт Украіны выказаў шкадаваньне, што «эўрапейскія партнэры» яго «не пачулі».
Партыя «Слуга народа» — лідэр перадвыбарчай гонкі ва Ўкраіне. За яе на пазачарговых парлямэнцкіх выбарах, па дадзеных сацапытаньняў, гатовыя прагаласаваць больш за 45 працэнтаў выбаршчыкаў. Выбары прызначаны на 21 ліпеня.