У Расеі кожны дзясяты сутыкаўся з катаваньнямі. А ў Беларусі?

Кожны дзясяты апытаны расеец сутыкаўся з катаваньнямі з боку сілавікоў, вынікае з новага апытаньня «Левада-Цэнтру», зробленага на замову праваабарончай арганізацыі «Камітэт супраць катаваньняў» да Дня ў падтрымку ахвяраў катаваньняў (26 чэрвеня).

Усяго апыталі 3400 чалавек у 53 рэгіёнах Расеі.

Як высьветлілі сацыёлягі, гвалт пачынаецца з канфлікту, а ў спрэчкі зь сілавікамі ўступала чвэрць расейцаў. «Парог уваходу» у канфлікт вельмі нізкі, і пагроза гвалту распальваецца ў самым пачатку ўзаемадзеяньня з паліцыяй, піша «Коммерсант».

Пры гэтым траціна з тых, хто толькі аднойчы ўступаў у канфлікт зь сілавікамі, таксама паведамляе пра гвалт.

«Гэтыя лічбы — страшлівае пацьверджаньне таго, што супрацоўнікі праваахоўных органаў ужываюць гвалт да затрыманых, і ўжываюць яго нярэдка», — падкрэсьлілі ў «Левада-Цэнтры». Большасьць расейцаў, якія згадалі пра гвалт, аказваліся ў ролі ахвяры пры затрыманьні, спраўджаньня асобы і допыце.

Дзясятая частка апытаных заявіла, што іх катавалі.

  • 75% тых, хто заявілі пра катаваньні, растлумачылі, што гвалт ужываўся для прыніжэньня і запалохваньня.
  • У палове выпадкаў, паводле апытаных, сілавікі катавалі дзеля таго, каб атрымаць прызнаньне ў злачынстве.
  • У траціне выпадкаў затрыманыя лічаць, што іх падвяргалі гвалту для пакараньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі беларусы дазваляюць міліцыі біць і катаваць затрыманых. Дасьледаваньне

Некаторыя апытаныя расіяне заявілі, што сілавікі ўзьдзейнічалі і на іх сваякоў. У кожным чацьвёртым канфлікце зь сілавікамі на сваякоў рабіўся ціск, і амаль у палове выпадкаў, калі да людзей ужывалі катаваньні, гвалт распаўсюджваўся і на іх блізкіх.

Каля 60% апытаных лічаць катаваньні недапушчальнымі, але толькі траціна гатовая адстойваць свае правы.

Амаль 30% дапускаюць прымяненьне катаваньняў у выключных выпадках дзеля выратаваньня чужога жыцьця і ў адносінах да тых, хто ўчынілі цяжкае злачынства.

39% лічаць, што барацьба з катаваньнямі ўдарыць па раскрывальнасьці злачынстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як абараніць сябе ад катаваньняў у Беларусі

«У Беларусі адсутнасьць належнай крыміналізацыі катаваньняў не дазваляе вызначаць адэкватныя пакараньні і не дазваляе адсочваць колькасьць канкрэтных злачынстваў у форме прымяненьня катаваньняў», — кажа ў інтэрвію Радыё Свабода сябра праўленьня «Прававой ініцыятывы», юрыст Сяргей Усьцінаў:

— У Крымінальным кодэксе Беларусі адсутнічае спэцыялізаваны артыкул «Катаваньні», які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўсе акты катаваньняў. Таму дзеяньні, якія падпадаюць пад азначэньне «катаваньне», выкладзеныя ў Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў, могуць быць кваліфікаваныя ў лепшым выпадку як прымус да дачы паказаньняў, перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, мучэньне, прычыненьне цялесных пашкоджаньняў рознай ступені цяжкасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Катаваньні, гамафобія, сэксізм». У Беларусі зьнялі «першы праваабарончы сэрыял» пра міліцыю


Дзяржава ніяк не супрацоўнічае з праваабаронцамі для прадухіленьня або барацьбы з катаваньнямі, а часам нават перашкаджае іх дзейнасьці, зазначае Ўсьцінаў:

— Дзяржава старанна адмаўляе самі факты катаваньняў. Напрыклад у сваёй справаздачы ў Камітэт супраць катаваньняў Беларусь заяўляе, што ў пэрыяд са студзеня 2012 году па сьнежань 2015 у падразьдзяленьні Сьледчага камітэту паступіла 614 заяваў аб неправамерных дзеяньнях службовых асоб органаў унутраных спраў і іншых дзяржаўных праваахоўных органаў, якія падпадаюць пад вызначэньне «катаваньне» і «жорсткае абыходжаньне».

Па гэтых заявах праведзеныя праверкі і па іх выніках распачата толькі 10 крымінальных справаў паводле часткі 3 артыкулу 426 КК. У астатніх выпадках зьвесткі, названыя ў заявах, не знайшлі свайго пацьвярджэньня, таму прынятыя рашэньні аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы. Гэта менш за два адсоткі.