У Беларусі распрацаваны дакумэнт, аналяга якому няма ў ніводнай краіне сьвету — праект закону «Аб ахове і выкарыстаньні балот (тарфянікаў)». У ліпені праект павінен паступіць на разгляд у Палату прадстаўнікоў.
Чыноўнікі і навукоўцы праектам цалкам задаволеныя, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыі іх эўфарыі не падзяляюць і выказваюць шмат крытычных заўваг.
Свабода сабрала некалькі цікавых фактаў пра беларускія балоты і выслухала аргумэнты розных бакоў наконт праекту закону.
Сем фактаў пра балоты
- 11% тэрыторыі Беларусі — 2390 тысяч гектараў — пакрыта балотамі. Непарушаных балот, якія захаваліся ў натуральным стане, — 863 тысячы гектараў, або толькі 4% плошчы краіны.
- Да мэліярацыі балоты і забалочаныя землі складалі 40% тэрыторыі Беларусі. У 1960–1970-я гады ў краіне правялі шырокамаштабную мэліярацыю. Асушылі амаль 2 мільёны гектараў на Палесьсі і амаль 1 мільён у Віцебскай вобласьці. Усяго ў Беларусі 2,9 мільёна гектараў мэліяраваных зямель — кожны трэці гектар усіх сельскагаспадарчых угодзьдзяў.
- 26 унікальных і самых буйных балот Беларусі агульнай плошчай 779 тысяч гектараў унесеныя ва Ўсясьветны (Рамсарскі) сьпіс водна-балотных угодзьдзяў міжнароднага значэньня — заказьнікі «Спораўскі», «Сярэдняя Прыпяць», «Званец», «Альманскія балоты», «Асьвейскі», «Ельня» ды іншыя.
- У беларускіх балотах утрымліваецца 7 мільярдаў кубамэтраў прэснай вады.
- За беларускімі балотамі трывала замацавалася найменьне «Лёгкія Эўропы». Яны паглынаюць вялікую колькасьць дыяксіду вугляроду. Гэта адзіная экасыстэма, здольная выводзіць вуглякіслы газ з атмасфэры на працяглы тэрмін.
- На беларускіх балотах захаваліся рэдкія віды птушак і жывёл, расьліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Ельня — адно з апошніх месцаў, дзе гняздуюцца вялікі краншнэп, чорнавальлёвы гагач і белая курапатка; на Дзікім жыве барадатая кугакаўка (рэдкі від савы); на балоце Званец — самая вялікая папуляцыя вяртлявай чарацянкі. На балоце Стары Жадзен водзіцца рэдкі від кажаноў — гіганцкая вячэрніца.
- Беларускія балоты немагчыма ўявіць без журавінаў. На балоце Чысьцік у Глыбоцкім раёне сустракаецца нават марошка.Праект закону «Аб выкарыстаньні балот» паступіць у Палату прадстаўнікоў у ліпені
Перадгісторыя
У 2016 годзе ў Беларусі прынялі «Стратэгію па ахове і ўстойлівым разьвіцьці балот і тарфянікаў».
У 2018 годзе распрацаваны праект закону «Аб ахове і выкарыстаньні балот (тарфянікаў)». У дакумэнце 9 разьдзелаў, 51 артыкул. Летась праект быў разьмешчаны на сайце Мінпрыроды і прайшоў грамадзкае абмеркаваньне. Цяпер ён ва ўрадзе. Чакаецца, што ў ліпені ён трапіць у Палату прадстаўнікоў, сказаў Свабодзе намесьнік начальніка ўпраўленьня біялягічнай разнастайнасьці Міністэрства прыродных рэсурсаў Андрэй Кузьміч.
Такіх адмысловых законаў па ахове балот няма ў ніводнай краіне сьвету, кажа адмысловец, загадчык сэктару міжнароднага супрацоўніцтва Навукова-практычнага цэнтру Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах Аляксандар Казулін. Ён таксама зьяўляецца навуковым каардынатарам праекта ПРААН-ГЭФ «Вэтландс».
«Кожны элемэнт экалёгіі ў нас вызначаны законам: Закон аб расьлінным сьвеце, Закон аб жывёльным сьвеце, Лясны кодэкс, Закон аб мэліярацыі. А на балоты забыліся, быццам бы іх не існуе. На іх здабываюць торф, хтосьці зьбірае ягады і грыбы, па балотах езьдзяць на бездарожніках. Узьнікае цэлы клубок праблем, і нікога немагчыма пакараць. То бок немагчыма весьці працу па правілах. Таму і ўзьнікла такая неабходнасьць — прыняцьце закону аб выкарыстаньні балот. Закон прапісвае правілы ўзаемаадносінаў з балотамі», — тлумачыць неабходнасьць прыняцьця закону «Аб ахове і выкарыстаньні балот» Аляксандар Казулін.
Мінпрыроды задаволенае трыма аспэктамі
Каб скласьці праект закону, была створаная міжведамасная працоўная група з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, навуковых устаноў (НПЦ па біярэсурсах, Інстытуту прыродакарыстаньня ды іншых), грамадзкіх арганізацый (экспэрты грамадзкіх арганізацый «Ахова птушак Бацькаўшчыны», «Багна»).
Правялі нават выязное паседжаньне працоўнай групы. Было шмат спрэчак, падчас грамадзкага абмеркаваньня паступіла багата заўваг і прапаноў. З кампрамісамі і рэдакцыйнымі праўкамі праект нарэшце прынялі, кажа намесьнік начальніка ўпраўленьня біялягічнай разнастайнасьці Міністэрства прыродных рэсурсаў Андрэй Кузьміч.
На яго думку, у законе дакладна прапісаныя пытаньні аховы межаў, пытаньні рэжыму балот, забароны і абмежаваньні на ажыцьцяўленьне гаспадарчай дзейнасьці. Ён адзначыў тры асноўныя аспэкты, якія замацаваныя праектам закону.
«Першае — захаваньне натуральных балот. Вядома, Мінпрыроды зацікаўленае больш у ахове натуральных некранутых балот, якіх у нас засталося ня так ужо і шмат — толькі адна траціна ад усіх тарфянікаў, якія былі адпачатку.
Другое — вызначэньне патрабаваньняў па ажыцьцяўленьні гаспадарчай дзейнасьці (сельская гаспадарка, лясная гаспадарка), каб было менш нэгатыўнага ўплыву на тарфянікі, балоты.
Трэцяе — закон будзе рэгуляваць парадак рэабілітацыі тарфянікаў: як і ў якім парадку аднаўляць тарфянікі. Праца вядзецца, але не ўрэгуляваная на ўзроўні закону», — кажа чыноўнік Міністэрства аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Напачатку было балота». Балота ў беларускай літаратуры. 12+Задаволеныя законам і навукоўцы
У прыватнасьці, Аляксандар Казулін кажа, што многія крытэры, якія мы не маглі вызначыць — да прыкладу, канкрэтнае балота трэба асушаць ці не, — дакладна прапісаныя. Будуць узаконеныя правілы паводзінаў на балотах, правілы зьбіраньня журавінаў, спыняцца гонкі па балотах на высокапраходных бездарожніках.
Навуковец ня бачыць сур’ёзных праблем, якія гэты праект не ахапіў бы.
«Калі ідзе гаворка пра забарону здабываньня торфу на балотах — а гэта вельмі значная праблема, — дык у праекце дакладна прапісана, што здабываньне торфу дазволена толькі на парушаных балотах, якія не падлягаюць аднаўленьню. А на натуральных — законам забаронена.
Дакладна таксама прапісана, што натуральныя балоты больш асушацца ня будуць. І гэта галоўнае дасягненьне гэтага закону. Тое, што захавалася ў натуральным стане, павінна так і захоўвацца.
А там, дзе рэальна балоты парушаныя, асушаныя, парос лес, аднавіць балота нерэальна — там можна здабываць торф. Чаму не? Інакш лёс такіх асушаных балот, якія нельга аднавіць, адзін — яны згараць. Дык лепш там здабыць торф, а потым забалоціць, чым яно само згарыць», — тлумачыць адмысловец па пытаньнях балот Аляксандар Казулін.
Недахопы будуць выяўленыя, калі закон пачне дзейнічаць
Праўда, некаторыя рэчы, на якіх настойваў навуковец, з розных прычын не ўвайшлі ў закон. У прыватнасьці, Міністэрства надзвычайных сытуацый не дазволіла ўключыць артыкул пра кіраванае выпальваньне на балотах.
«Я думаў, што лепшы для іх паказьнік — калі нічога не гарыць. Аказалася, наадварот, калі больш гарыць, ратавальнікі больш грошай атрымліваюць. Я за тое, каб яны больш прафіляктычнымі мерапрыемствамі займаліся, а яны кажуць, што гэта ня іх пытаньне.
Таму не ўключылі сур’ёзны і патрэбны артыкул пра кіраванае выпальваньне, якое папярэджвае пажары на балотах, у тым ліку на такіх важных, як Альманы, Званец», — кажа Казулін.
І дадае, што колькасьць пажараў на балотах істотна зьнізілася. Сёлета было зафіксаванае толькі адно ўзгараньне — на Альманскіх балотах.
«Ну, а недахопы будуць выяўленыя, калі закон пачне дзейнічаць», — пажартаваў навуковец.
Your browser doesn’t support HTML5
Працэс падрыхтоўкі быў вельмі складаны, цяжка было дамовіцца з чыноўнікамі
Старшыня грамадзкай арганізацыі «Багна» Канстанцін Чыкалаў кажа, што яе прадстаўнікі ўваходзілі ў працоўную групу па стварэньні закону, уносілі шмат прапаноў і заўваг, але ў большасьці выпадкаў тыя не былі ўлічаныя. Працэс падрыхтоўкі быў вельмі складаны, цяжка было дамовіцца з чыноўнікамі, якія не пагаджаліся ісьці на радыкальныя захады.
«Гэта тычылася і разворваньня тарфянікаў; і шырыні буфэрнай зоны вакол балот пад аховай — яна, каб вы ведалі, пад ціскам торфаздабыўных арганізацый зьменшылася ў 3–4 разы ад першапачатковай; і поўнай аховы апошніх натуральных і малакранутых балот; і шмат чаго іншага.
Мы таксама былі супраць кашэньня натуральных нізінных балот, якія не зарастаюць кустоўем», — кажа Канстанцін Чыканаў.
Экспэртаў «Багны» непакоіць, што асноўны ўпор зроблены на Нацыянальную стратэгію захаваньня і рацыянальнага выкарыстаньня тарфянікаў і Схему разьмеркаваньня тарфянікаў па кірунках да 2030 году.
«Адной з нашых прапаноў было — абапірацца на распрацаваны ў 2013 годзе ТКП (тэхнічны кодэкс усталяванай практыкі) і менавіта зь яго ўнесьці дакладныя крытэры па вызначэньні натуральных і малапарушаных балотаў у новы закон».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праект «Вялікае княства вяртлявай чаротаўкі» аб’яднаў Беларусь і Літву«Буфэрныя гідралягічныя зоны — вельмі сьмелы крок»
Аляксандар Вінчэўскі, дырэктар грамадзянскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», прызнаўся, што не падзяляе ні эўфарыі афіцыйных асобаў, ні скептыцызму тых, хто крытыкуе закон. На яго думку, гэты закон ня выратуе ўсе балоты, якія яшчэ засталіся, але ён і не пагаршае сытуацыю, якая ёсьць.
Што да станоўчых момантаў, Вінчэўскі адзначыў увядзеньне буфэрных гідралягічных зон для балот.
«Нашы балоты, нягледзячы на тое, што на многіх ёсьць азёры, зь некаторых пачынаюцца рэкі, не абараняліся як водныя аб’екты, не рэгуляваліся Водным кодэксам, хоць многія ўтрымліваюць мэгатоны вады, да прыкладу, Ельня. Балоты падпарадкоўваліся Закону аб нетрах. Торф — гэта рэсурс, выкапень. Асушальныя працы вакол балот іх закранаюць, насычэньне балот вадой ідзе часам і з-пад зямлі. Чаму Ельня сохне, мы ня ведаем, можа, з прычыны асушэньня суседніх балот ці каналаў. Вось гэтыя гідралягічныя зоны — вельмі сьмелы крок, гэта вельмі добра, — перакананы эколяг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб не хацелася зьяжджаць». Мянчанка ладзіць незвычайныя вандроўкі, якія дапамогуць палюбіць Беларусь«На жаль, у законе няма артыкула аб абароне тарфянікаў»
Што да заганаў, то вельмі дрэнна, на думку Вінчэўскага, што ў закон пабаяліся ўносіць радыкальную ахову тарфянікаў. Ён распавёў, як зусім нядаўна на адной нарадзе ўзгадалі акадэміка Сьцяпана Скарапанава, які ў 1960-я гады, калі асушылі Палесьсе, казаў, што цяпер гэтых тарфянікаў хопіць на 500 гадоў.
«І што мы бачым цяпер? Ды ўжо фактычна праз 30–40 гадоў многія палеткі ператварыліся ў пустыні, на Палесьсі бываюць пясчаныя буры. А чаму гэта адбываецца? На паперы было забаронена выкарыстоўваць тарфяныя землі пад бульбу, пад кукурузу, рэкамэндавана — толькі пад травы. Калі б зямля была ў прыватнай уласнасьці, можа, так бы і рабілі, а паколькі зямля — дзяржаўная ўласнасьць, ніхто ня думае пра заўтрашні дзень. Тарфянікі разворваюцца, торф ляціць зь ветрам, разбураецца хутчэй. На жаль, у законе няма артыкула аб абароне тарфянікаў».
Эколяга Андрэя Абрамчука з «Аховы птушак Бацькаўшчыны» насьцярожвае наступная фармулёўка ў праекце закону: «Дапускаецца абмежаванае выкарыстаньне натуральных балот для ажыцьцяўленьня асобных відаў гаспадарчай і іншай дзейнасьці».
У нашай краіне будаўніцтва дарог праз балота можна абгрунтаваць як від дзейнасьці, які не наносяць шкоды экалёгіі
«У артыкуле закону ў якасьці прыкладаў пазначаныя так званыя „мяккія“ віды дзейнасьці. Аднак фраза „і іншыя“ дазваляе ўключыць сюды ўсё што заўгодна. Як паказвае практыка, у нас у краіне і будаўніцтва каналаў і дарог праз балота можна абгрунтаваць як віды дзейнасьці, якія не наносяць шкоды балотным экалягічным сыстэмам. І нядаўнія будаўніцтвы дарог на Альманах і Марочне — яскравыя таму прыклады», — кажа Андрэй Абрамчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палескі лясгас будуе дарогу праз Альманы — самы вялікі ў Эўропе комплекс некранутых балотаўНя ўлічаная прапанова забараніць разворваньне тарфянікаў, адхіленая прапанова аб забароне касіць на натуральных асокавых балотах, якія не зарастаюць трысьнягом і кустоўем. І гэта толькі невялікая частка тых пунктаў, што адхілілі, паводле Андрэя Абрамчука.
Некалькі дзён таму «Белорусская лесная газета» ў артыкуле «Недаступнае стала даступным» распавяла, што ў Палескім лясгасе, на мяжы Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей (у раёне Альманскіх балот) увялі ў эксплюатацыю мост праз раку Сьцьвігу, па якім прайшлі ўжо першыя лесавозы. Прапускная здольнасьць моста — 60 тон.