Швайцарыя верне Ўзбэкістану частку арыштаваных грошай па справе дачкі экс-прэзыдэнта

Гульнара Карымава

Генэральная пракуратура Швайцарыі пастанавіла вярнуць Узбэкістану 130 мільёнаў франкаў, якія арыштавалі ў рамках расьсьледаваньня схем па адмываньні грошай і хабарніцтва дачкі першага прэзыдэнта Ўзбэкістану — Гульнары Карымавай. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.

У Генэральнай пракуратуры не ўдакладнілі, у які тэрмін грошы будуць пералічаныя Ташкенту.

У рамках гэтай справы ў Швайцарыі застаюцца арыштаванымі 650 мільёнаў франкаў. Па справе абвінавацілі сваяка Гюльнары Карымавай, які, каб схаваць паходжаньне сродкаў, адкрыў у Швайцарыі некалькі падстаўных кампаній і банкаўскіх рахункаў, празь якія праходзілі плацяжы ад пераважна тэлекамунікацыйных кампаній з Нідэрляндаў, Швэцыі і ЗША. Яшчэ пяцёра чалавек застаюцца падазраванымі.

Днямі Гульнара Карымава, якая адбывае пакараньне ў калёніі, зьвярнулася да цяперашняга прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева з просьбай праявіць гуманізм.

Яна распавядае аб сваім дрэнным самаадчуваньні і абяцае на прэтэндаваць на 686 мільнаў даляраў, якія захоўваюцца на яе рахунках у замежных банках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выкарысталі як лялек». Як ва Ўзбэкістане напярэдадні візыту прэзыдэнта падаравалі дамы, а потым забралі

Зварот Карымавай ў сторыс Інстаграма апублікавала яе дачка Іман. Гульнара Карымава паведамляе аб канфіскаваных у яе сродках:

«Я хачу абвясьціць, для пратаколу, што да гэтага часу выключна мае асабістыя актывы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўзбэкістана, ужо выйшлі з маёй уласнасьці і працуюць на карысьць рэспубліканскага бюджэту, што пацьвярджаецца некалькімі мясцовымі расьсьледаваньнямі, на суму ў памеры $1,2 млрд даляраў ЗША».

Яна таксама піша, што на рахунках у яе ёсьць яшчэ грошы, на якія яна абяцае не прэтэндаваць. Гаворка пра 686 млн даляраў.

Карымава адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 21 у Ташкенцкай вобласьці, куды яе з-пад хатняга арышту перавялі ў сакавіку 2019 года.

У 2015 годзе ў дачыненьні да Карымавай ў Швэцыі, Швайцарыі і ЗША завялі крымінальныя справы, абвінаваціўшы дачку прэзыдэнта ў прысваеньні каля мільярда даляраў.

У сьнежні 2017 годзе Гульнару Карымаву асудзілі ва Ўзбэкістане за фінансавыя злоўжываньні на суму каля $ 53 млн. Яе прысудзілі да 10 гадоў пазбаўленьня волі, аднак пасьля абскарджаньня прысуд зьмякчылі — 5 гадоў абмежаваньня волі (хатняга арышту). У калёнію яе, як паведамлялася, перавялі за парушэньні парадку ўмоваў адбыцьця хатняга арышту — выкарыстаньне інтэрнэту, выхады з дому, «стварэньне перашкодаў» кампэнсацыі ўрону.