Праваабарончая кампанія «ПЫТАЙ/СЯ.Тыдзень супраць катаваньняў» прэзэнтавала вынікі апытаньня беларусаў пра гвалт з боку праваахоўнікаў.
З 29 сакавіка да 2 красавіка апыталі праз інтэрнэт 902 чалавек 18–55 гадоў, якія жывуць у гарадах з насельніцтвам звыш 50 тысяч чалавек. Памылка выбаркі ±3,26%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўхваліў зьбіцьцё затрыманых «па мазгаўні і па мордзе»З апытаньня вынікае, што:
- у выпадку сутыкненьня з гвалтам з боку праваахоўнікаў 49% зьвернецца ў пракуратуру, 12% — да праваабаронцаў, 11% — да знаёмых юрыстаў, 8% — у суд, 5% — да ўплывовых знаёмых і 3% — у міліцыю.
- больш давяраюць дзяржаўным інстытутам тыя, хто не сутыкаўся з гвалтам з боку дзяржавы;
- тыя, хто быў ахвярай гвалту з боку дзяржавы, хутчэй ня стануць нікуды зьвяртацца (13% супраць 3% сярод тых, хто не сутыкаўся);
- траціна апытаных лічыць, што гвалт апраўданы, калі ёсьць пагроза жыцьцю іншага чалавека;
- толькі 6% не дапускаюць гвалту з боку дзяржавы ні ў якіх абставінах;
- зьбіцьцё чалавека, які, верагодна, ведае, дзе адбудзецца тэракт, апраўдваюць 78% апытаных, а ня лічаць гвалтам 41%, і 65% ухваляюць «прадухіленьне тэракту катаваньнем»;
- але гвалт пры менш небясьпечных злачынствах (як катаваньне прараба, якога затрымалі за крадзеж трубаў) 97% лічаць недапушчальным;
- калі ўзровень жорсткасьці катаваньняў «зашкальвае» (як прыклад — калі падазраванаму ў забойстве засоўваюць у рот пісталет і пагражаюць стрэліць), 86% лічаць дзеяньні недапушчальнымі;
- палова апытаных апраўдвае, а палова лічыць недапушчальным «нязначнае» біцьцё небясьпечнага злачынцы (у прыкладзе — сем удараў дубінкай па ягадзіцах зьняволенаму, які пранёс наркотыкі ў турму);
- 26% лічаць дапушчальным, калі АМАП разганяе несанкцыянаваныя акцыі, а затрыманых ставіць на дзьве гадзіны тварам да сьцяны пры тэмпэратуры +1°С і не дазваляе рухацца;
- 25% лічаць дапушчальным прымусовае гвалтоўнае здыманьне адбіткаў пальцаў у дзяўчыны, якая скрала дэзадарант з крамы;
- 80% лічаць недапушчальным зьняволеньне чалавека на 15 сутак за «п’яны дэбош» ва ўмовах халоднай камэры ў кампаніі з курцамі пры толькі дзьвюх прагулках і адным паходзе ў душ;
- 31% цалкам ухваляе ўжываньне сьмяротнага пакараньня, 40% — хутчэй ухваляе, 19% — хутчэй не, 8% — цалкам не;
- талерантнасьць да гвалту павялічваецца, калі чалавек ня быў ахвярай злачынстваў і не перажываў гвалту з боку дзяржавы;
- з ростам даходаў і ўзроўню адукацыі беларусы крыху менш талерантна ставяцца да катаваньняў і сьмяротнага пакараньня.
Арганізатарамі зьяўляюцца ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаваньняў» і грамадзкая арганізацыя «Прававая ініцыятыва», партнэры — Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, Human Constanta і Беларуская асацыяцыя журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як абараніць сябе ад катаваньняў у БеларусіЯк расказаў Свабодзе каардынатар «Тыдня супраць катаваньняў», у Крымінальным кодэксе Беларусі адсутнічае спэцыялізаваны артыкул «Катаваньні», які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўсе акты катаваньняў. Таму дзеяньні, якія падпадаюць пад азначэньне «катаваньне», выкладзеныя ў Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў, могуць быць кваліфікаваныя ў лепшым выпадку як прымус да дачы паказаньняў, перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, мучэньне, прычыненьне цялесных пашкоджаньняў рознай ступені цяжкасьці.
Дзяржава ніяк не супрацоўнічае з праваабаронцамі для прадухіленьня або барацьбы з катаваньнямі, а часам нават перашкаджае нашай дзейнасьці, сьцьвярджае ён.