Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў апублікаваў вынікі цэнтралізаванага тэставаньня па беларускай мове. Паглядзець вынікі можна тут.
Як расказалі Tut.by у інстытуце, на тэст не прыйшлі каля 4% ад 22 тысяч абітурыентаў. Вынікі тых, хто сёлета здаў тэст, лепшыя за мінулы год:
- сярэдні бал вырас да 51,41 зь леташніх 35,92;
- 100 балаў набралі 42 чалавекі, летась — 21 чалавек;
- адсотак тых, хто набраў 70 балаў і больш, «прыкладна такі ж, як летась».
Рост сярэдняга бала тлумачыцца новай мэтодыкай падліку: выніковая адзнака залежыць ад каэфіцыенту «складанасьці» заданьня, які вызначаецца ўжо ў час праверкі работаў, пры тым балы налічваюцца і за часткова правільны адказ.
Неўзабаве маюць зьявіцца вынікі тэстаў па расейскай мове. У аўторак 25 чэрвеня абітурыенты будуць здаваць фізыку, затым 27-га гісторыю Беларусі, 29-га — геаграфію, а 1 ліпеня — сусьветную гісторыю найноўшага часу. Рэзэрвовыя дні — 6, 8 і 10 ліпеня.