Арганізатары бестэрміновай акцыі пратэсту ў Тбілісі заявілі на мітынгу каля будынку грузінскага парлямэнта, што калі да 19 гадзін мясцовага часу 23 чэрвеня ўлады ня вызваляць затрыманых і асуджаных за ўдзел у сутыкненьнях з паліцыяй, то ўвечары ў нядзелю на цэнтральным праспэкце Руставелі пачнецца галадоўка пратэсту.
Дэманстранты таксама патрабуюць неадкладнай адстаўкі міністра ўнутраных спраў Георгія Гахарыя, які аддаў загад на выкарыстаньне сілы.
У выніку сутыкненьняў каля будынку парлямэнта 240 чалавек, у тым ліку 80 паліцэйскіх. Два дэманстранты страцілі вочы ад трапленьня гумавай кулі.
Нечакана для многіх, пратэсты падтрымаў рэпер Бера Іванішвілі — сын старшыні кіруючай партыі «Грузінская мара», мільярдэра Бідзіна Іванішвілі.
«Далучаю свой голас да голасу свабодалюбных суайчыньнікаў. Мы нікому не саступім нашай свабоды» — напісаў Бера Іванішвілі на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Апошнія два дні мітынг на праспекце Руставелі набыў некалькі іншы характар, чым у чацьвер: асноўнымі аратарамі сталі студэнты альбо лідэры моладзевых арганізацый і НКА. Яны ўвесь час падкрэсьліваюць, што мітынг носіць «апалітычны» характар і яго арганізатарамі зьяўляюцца самі студэнты.
Лідэры апазіцыйных партый хоць і прысутнічаюць на мітынгу, але выступаюць рэдка. Прычына ў тым, што многіх маладых людзей раздражняюць палітыкі, у тым ліку і паплечнікі экс-прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля будынку парлямэнту Грузіі ў Тбілісі аднавілася акцыя пратэсту