Даваенныя фонды галерэі Юдаля Пэна ў Віцебску складалі больш за 800 карцін. Пасьля вайны з эвакуацыі вярнулася толькі чвэрць. Свабода распавядае малавядомую гісторыю спадчыны славутага віцебскага мастака, які стаў настаўнікам усясьветна вядомых Марка Шагала і Восіпа Цадкіна.
Хто такі Юдаль Пэн
- Мастак-жывапісец, пэдагог. Нарадзіўся ў 1854 годзе на тэрыторыі цяперашняй Літвы. З 1896 году жыў у Віцебску
- Адкрыў у горадзе першую прыватную школу маляваньня і жывапісу.
- Выкладаў у Віцебскай народнай мастацкай вучэльні, дзе ягонымі вучнямі былі Марк Шагал, Лазар Лісіцкі, Восіп Цадкін, Аскар Мешчанінаў, Саламон Юдовін, Леў Лейтман, Давід Якерсон, Яфім Мінін ды іншыя.
- Маляваў гарадзкія і побытавыя пэйзажы, партрэты ў інтэр’еры. Паказваў жыцьцё местачковых габрэяў.
- У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1937 году па-зьверску забіты ва ўласнай кватэры.
- Усе свае працы перадаў у спадчыну гораду.
Галерэя Пэна праіснавала два гады
Галерэя жывапісу Юдаля Пэна адкрылася ў Віцебску летам 1939-га — праз два гады пасьля трагічнай гібелі мастака. Гэта была самастойная музэйная ўстанова, дзе захоўваліся карціны, адпісаныя майстрам у спадчыну гораду. У даваенны час фонды галерэі налічвалі больш за 800 твораў. Экспазыцыя папаўнялася працамі Пэна з прыватных збораў.
Галерэя займала кватэру, яна ж майстэрня, мастака на вуліцы Гогалеўскай. Яшчэ пры жыцьці Пэна сьцены тут былі завешаныя ягонымі карцінамі ад падлогі да столі. Сюды часта прыходзілі гараджане. Хаатычная хатняя экспазыцыя была як бы правобразам будучай галерэі.
У дзьвюх залях галерэі экспанаваліся найлепшыя карціны Пэна. Агулам каля 150 палотнаў — на астатнія не было месца. За першыя паўгода экспазыцыю наведалі 19 220 чалавек. Супрацоўнікі правялі 232 экскурсіі.
«Пачатак вайны — гэта культурная катастрофа»
Карцінная галерэя Пэна праіснавала да 1941 году. З набліжэньнем фронту калекцыю ўдалося вывезьці.
«Да пэўнага часу ўлады не давалі ніякіх загадаў наконт таго, што нешта трэба эвакуаваць, — кажа ў інтэрвію Свабодзе гісторык і мастацтвазнаўца Аляксандар Лісаў. Шэраг публікацый дасьледчык гісторыі расейскага авангарду прысьвяціў Пэну, ягоным вучням і гісторыі ягонай галерэі. — Любы намер адыходу разглядаўся як панікёрства. Тыя, хто займаў кіроўныя пасады, асьцерагаліся рабіць самастойныя захады».
28 чэрвеня нацысты занялі Менск. У Віцебску эвакуацыя пачалася 8 ліпеня. Праз тры дні ў горадзе ўжо былі немцы.
«Калі далі каманду аб эвакуацыі, здарыўся сапраўдны каляпс. Транспарту не хапала», — працягвае Аляксандар.
Людзі і рэчы чакалі сваёй чаргі. За некалькі гадзін да прыходу ў горад захопнікаў калекцыю Пэна ўдалося пагрузіць у цягнік, пераважна намаганьнямі тагачаснай дырэктаркі галерэі Любові Эстрынай і Валянціна Зэйлерта, які да вайны займаў пасаду штатнага мастака ў краязнаўчым музэі.
«Транспартаваньне адбывалася бяз захадаў засьцярогі, — кажа Аляксандар. — Карціны зразалі з падрамнікаў, скручвалі ў рулёны, зьвязвалі ў баулы і грузілі на адкрытую плятформу. Дарога на Лёзна і Смаленск была закрытая. Вагоны ішлі ў кірунку Невеля і Вялікіх Лукаў. Так кружнымі шляхамі калекцыю вывезьлі».
Паводле гісторыка, галерэя Пэна — адзіны з гарадзкіх музэяў, які ўдалося ў значнай меры эвакуаваць.
«Пачатак вайны — гэта культурная катастрофа. У Віцебску была магчымасьць нешта ўратаваць. Наўрад ці можна было спадзявацца на эвакуацыю каштоўнасьцяў з Горадні, Берасьця, Менску, Магілёва. Цуд, што зь Віцебску вывезьлі нейкія рэчы», — мяркуе Аляксандар.
Напрыканцы 30-х гадоў галерэя Юдаля Пэна была ў Віцебску ледзь не адзінай культурнай установай, зьвязанай з габрэйскай тэматыкай. Адначасова яна была месцам сталай экспазыцыі прац Пэна і пляцоўкай для выстаў іншых мастакоў-габрэяў.
Адна з такіх выстаў праходзіла ў галерэі ў чэрвені 1941-га.
«Часовая выстава называлася імёнамі трох мастакоў — „Кругер. Альпяровіч. Пэн“, — кажа Аляксандар Лісаў. Якаў Кругер адкрыў у Менску школу малюнку, дзе навучаліся Міхаіл Кікоін і Хаім Суцін. Леў Альпяровіч пісаў партрэты і пэйзажы і выкладаў у Менску ў прыватнай габрэйскай рэальнай вучэльні для мужчын. — Дзякуючы таму, што іх працы знаходзіліся ня ў Менску, які акупавалі на шосты дзень вайны, яны захаваліся для гледача».
Карціны Кругера і Альпяровіча вывезьлі зь Віцебску разам з калекцыяй Пэна. Празь пяць гадоў 21 іхнае палатно вярнулася ў Віцебск разам з фондамі галерэі.
У вайну калекцыя была ў Саратаве
Усю вайну разам з фондамі шэрагу беларускіх музэяў калекцыя Пэна знаходзілася ў Саратаве. Карціны захоўваліся ў галерэі імя Радзішчава.
«Карціны з калекцыі выкарыстоўваліся, — адзначае Аляксандар. — Беларусь была акупаваная. Аднак некаторыя выставы беларускага мастацтва ў пэрыяд вайны паказвалі ў Маскве».
Фармаваньнем экспазыцый займаліся беларускія спэцыялісты, якім удалося эвакуавацца. Сярод іх была першая дырэктарка карціннай галерэі БССР Алена Аладава. Яна апекавалася эвакуаванымі фондамі, у тым ліку і зборам Пэна. І была першай, хто спрабаваў даведацца пра яго зьніклую частку.
З усёй калекцыі вярнулася толькі чацьвёртая частка
У 1946 годзе віцебскі аблвыканкам прымае рашэньне аб рээвакуацыі калекцыі Пэна. На гэта выдзелілі дзесяць тысяч рублёў. Фонды галерэі вярнуліся з Саратава ў Віцебск.
«З усёй калекцыі захавалася каля двухсот прац — гэта чацьвёртая частка даваеннага фонду галерэі, — кажа Аляксандар. — Верагодна, часткова працы згубіліся пры транспартаваньні. Карціны везьлі ў неабсталяваных вагонах, магчыма, не адзін месяц. Эвакуацыя — гэта безабаронны груз».
Больш за тое, уліку эвакуаваных фондаў не было. Саратаўская карцінная галерэя імя Радзішчава дагэтуль ня мае дакумэнтаў, якія б пацьвердзілі прыём віцебскіх прац на захаваньне. Што стала з большай часткай калекцыі Пэна і дзе яна, застаецца невядомым.
«Працы Пэна знаходзіліся ў запасьніках карціннай галерэі БССР і не экспанаваліся»
У Віцебску карцінную галерэю Пэна плянавалі адрадзіць на базе вернутых прац.
«Горад быў разбураны. Прыдатнага будынка для галерэі адразу не знайшлося, — тлумачыць Аляксандар. — Рээвакуаваныя працы часова захоўваліся ў запасьніках віцебскага Дома народнай творчасьці. Лепшага памяшканьня ў зруйнаваным Віцебску не знайшлося. Карціны стаялі ў скрутках — разгарнуць калекцыю было немагчыма».
Пастанова адрадзіць пэнаўскі музэй супала з антысэміцкай кампаніяй у СССР. Рэарганізацыю галерэі выкрэсьліваюць зь бюджэтнага пляну на 1947 год. Усе працы Пэна непрыкметна перавозяць у Менск. Там яны ў пяці скрынях ляжалі ў запасьніках карціннай галерэі БССР і не экспанаваліся.
13 прац з калекцыі Пэна вярнуліся ў Віцебск толькі на пачатку 60-х гадоў — тады ў краязнаўчым музэі ўтвараўся мастацкі аддзел. Асобнага мастацкага музэю ў горадзе на той час не было. Яго заснавалі ў 1992 годзе, калі збор Пэнавых карцін быў амаль цалкам перададзены зь Менску ў Віцебск.
«Наступіла іншая эпоха, калі можна было ставіць пытаньне аб вяртаньні мастацкіх каштоўнасьцяў», — кажа Аляксандар Лісаў.
Вяртаньню калекцыі Пэна ў Віцебск папярэднічалі доўгія перамовы паміж віцебскімі і сталічнымі музэйшчыкамі. Першыя настойвалі на перадачы поўнага збору, другія даводзілі, што месца прац мастака — у цэнтральным мастацкім музэі краіны.
«Супрацоўнікам віцебскага музэю ўдалося дамагчыся вяртаньня большай часткі калекцыі Пэна, — працягвае Лісаў. — Аднак тры дзясяткі найлепшых твораў засталіся ў Менску». У іх ліку — «Шавец-камсамолец чытае газэту» і знакаміты партрэт Марка Шагала, выкананы Пэнам.
«Мастак стварыў цэлую галерэю партрэтаў сваіх вучняў. Было б добра, каб яны захоўваліся ў віцебскім зборы», — кажа гісторык.
Цяпер у мастацкім музэі 166 жывапісных і 17 графічных прац Юдаля Пэна. Гэта найбуйнейшая калекцыя твораў мастака.
Мастак Юры Кегелеў цягам 27 гадоў рэстаўрыруе жывапіс віцебскага маэстра.
«Большасьць прац прыехала ў кепскім стане, — кажа Свабодзе захавальніца калекцыі Пэна Сьвятлана Кот. — Многія карціны былі скручаныя ў рулёны і патрэскаліся. Больш за тое, вядома, што Пэн часам ашчаджаў на фарбах. І гэта адбілася на колеры. Мы маглі б страціць многія працы. Але мастак-рэстаўратар прафэсійна зрабіў усё магчымае, каб уратаваць іх».
Першую экспазыцыю з адрэстаўраванымі працамі адкрылі для гледача ў 2008 годзе.
На сёньня ў залях музэю экспануюцца 43 працы Юдаля Пэна: мужчынскія і жаночыя партрэты, якія мастацтвазнаўцы параўноўваюць з рэмбрантаўскімі, пэйзажы зь відамі Віцебску, дзякуючы якім Пэна сталі называць летапісцам гораду.
Рэстаўраваныя карціны экспануюцца і за мяжой. Найбольш актыўна музэй супрацоўнічае зь літоўскім горадам Зарасай (традыцыйная беларуская назва — Езяросы), адкуль родам Пэн.
Да 165-годзьдзя з дня нараджэньня Юдаля Пэна ў мастацкім музэі экспануецца ягоная графіка. У асноўным гэта партрэты, выкананыя вугалем, акварэльлю і адзін — пастэльлю. Сярод іх партрэт жонкі віцебскага губэрнатара Левашова, які зрабіў Пэну першую сур’ёзную замову. І партрэт барона Корфа, у чыім маёнтку ў цяперашнім латвійскім Екабпілсе Пэн нейкі час жыў.
Экспанаваньне графічных прац — рэдкая зьява.
«Графіка Пэна ніколі не рэстаўравалася, бо не было спэцыялістаў, — кажа Аляксандар. — Дзіва, што яна да гэтай пары захавалася. Гэта раньнія працы Пэна, выкананыя на старой паперы, у далікатных тэхніках, якія патрабуюць асаблівага рэжыму захоўваньня».
Паводле музэйнага рэглямэнту графічныя працы могуць экспанавацца непрацяглы тэрмін. Графіка Пэна будзе адкрытая гледачу да канца жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 малавядомых фактаў пра Марка Шагала і Віцебск ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 фактаў пра Янкеля Кругера, які вучыў Хаіма Суціна і не паразумеўся з жонкай Янкі Купалы