Замест 7 паркінгаў застанецца 2. Улады вымушаныя зьмяніць праект забудовы «ціхага цэнтру».
Чыноўнікі адміністрацыі Першамайскага раёну Менску і камітэт архітэктуры Менскага гарвыканкаму прэзэнтавалі зьмены ў праект дэтальнага плянаваньня кварталу ў межах вуліц Коласа — Калініна — Чорнага — Сурганава. Пад націскам грамадзкасьці ўлады адмовіліся ад будаўніцтва шматпавярховіка, забаўляльнага цэнтру і пяці парковак зь сямі плянаваных.
Падвядзеньне вынікаў грамадзкага абмеркаваньня ўшчыльненьня кварталу прайшло за зачыненымі дзьвярыма: 3-га траўня ні прэсу, ні мясцовых жыхароў на паседжаньне камісіі не пусьцілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ўхвалілі праект ушчыльненьня «ціхага цэнтру», нягледзячы на пратэсты жыхароўПасьля гэтага ініцыятыўная група арганізавала пэтыцыю за адстаўку кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Ігара Кудрэвіча і ягонага намесьніка Васіля Касаўца. Магчыма, гэта адыграла ролю, і 21 чэрвеня «інфармаваньне» грамадзянаў, як выказаўся Кудрэвіч, прайшло з запрашэньнем і СМІ, і мясцовых жыхароў.
«Камісія абагульніла ўсе прапановы ў сваім асобным меркаваньні і пазначыла, што пры ўзгадненьні зь Міністэрствам архітэктуры праект будзе дапрацаваны. Інфармацыя будзе вам дадзеная», — запэўніў Ігар Кудрэвіч.
Архітэктар «Менскграда» Сьвятлана Сахарава патлумачыла, што быў ліст у Міністэрства архітэктуры з просьбай адступіць ад нормаў па машына-месцах. Таксама быў распрацаваны праект аховы трох ахоўных зонаў — тэрыторый асаблівага рэжыму, будаваць там нельга. І расказала, якія канкрэтна зьмены ўнесеныя:
«Апошні варыянт: ад былых прапаноў застаецца дзіцячы сад на 270 месцаў.
Мы прыбралі амаль усе паркінгі, акрамя двух падземных на 50 месцаў для мясцовых жыхароў.
Мы цалкам прыбралі будаўніцтва новага шматпавярховага жылога дома; забаўляльны цэнтар і паркоўкі выключылі.
Мы заплянавалі сквэр і пералічылі нормы азеляненьня: будуць 4 зялёныя тэрыторыі. Забясьпечанасьць зялёнымі тэрыторыямі — 10 квадратных мэтраў на чалавека», — пералічыла зьмены Сьвятлана Сахарава.
Ігар Кудрэвіч запэўніў, што новы плян будзе разьмешчаны і ў будынку адміністрацыі раёну, і на сайце, будзе наладжаная зваротную сувязь праз камітэт архітэктуры Менгарвыканкаму. А потым ПДП будзе накіраваны на розныя экспэртызы. У жыхароў зноў зьявілася шмат пытаньняў: і пра падземны паркінг, і пра азеляненьне.
«Як жылая зона стала паркінгам? 6 300 умоўных адзінак каштуе месца на ўжо пабудаваным паркінгу, узьведзеным на месцы спартовай пляцоўкі, дзе прайшло наша дзяцінства. Навошта мясцовым жыхарам паркінгі па такіх цэнах?» — пытаецца жыхарка суседняга зь меркаваным паркінгам дома.
«Паркінгі нікому не цікавыя з інвэстыцыйнага пункту гледжаньня», — парыраваў Кудрэвіч. — «Давайце грунтоўна і ўважліва паглядзім на гэты плян. Я прашу вас выказаць свае прапановы — на гэта патрэбен тыдзень», — рэзка завершыў абмеркаваньне кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну.
Зьявілася прапанова ад жыхароў — сустрэцца ўсім на месцы і памераць усе праблемныя зоны, бо па квадраціках на мапе цяжка зразумець. Але ад прапановы з рулеткай разам з жыхарамі памераць гэтыя спрэчныя зоны Кудрэвіч адмовіўся.
Мясцовы жыхар і старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч назваў саступкі ўладаў маленькай перамогай.
«Жылы шматпавярховік прыбралі, забаўляльны цэнтар прыбралі. Але два паркінгі застаюцца. Будзем апытваць людзей, ці патрэбны гэтыя паркінгі на месцы існуючай забудовы. Забудову зьнясуць, а што пабудуюць, невядома. Тое самае і зь дзіцячым садком — пад яго зьнясуць пабудову, а ці ўзьвядуць садок — ёсьць пытаньне. Бо ў нас няма даверу да ўлады.
У прынцыпе, можна лічыць гэта невялікай перамогай над першапачатковым варыянтам, які быў навязаны. Але гэта не канчатковае рашэньне праблемы», — падсумаваў старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незадаволеныя навабудамі жыхары Менску ініцыююць мясцовы рэфэрэндум, абапіраючыся на заявы Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхароў і журналістаў не пусьцілі на паседжаньне аб «ушчыльненьні» кварталу ў цэнтры Менску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Поўная заля, абурэньне, рогат. Як у Менску абмяркоўвалі ўшчыльненьне кварталу 7 паркінгамі. ФОТА