Расейская дэлегацыя на чале з дэпутатам Дзяржаўнай думы Сяргеем Гаўрылавым 20 чэрвеня тэрмінова пакінула сталіцу Грузіі Тбілісі. Гэта адбылося на фоне масавых пратэстаў з прычыны знаходжаньня ў краіне расейцаў, якія падтрымліваюць палітыку сваёй краіны ў дачыненьні да Грузіі.
Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, каля 10 000 чалавек бяруць удзел у мітынгу каля будынку парлямэнту Грузіі. Арганізатарамі акцыі пратэсту сталі практычна ўсе апазыцыйныя партыі. Яны патрабуюць неадкладнай адстаўкі старшыні парлямэнту і міністра ўнутраных справаў.
Прычынай пратэсту апазыцыі і значнай часткі грамадзкасьці стаў удзел у пасяджэньні Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі, прэзыдэнта гэтай асамблеі Сяргея Гаўрылава.
Многіх грамадзян Грузіі абурыла тое, што ён вёў пасяджэньне асамблеі ў будынку грузінскага парлямэнту, хоць перад прыездам у Тбілісі пацьвердзіў, што лічыць незваротным прызнаньне Расеяй у якасьці незалежных дзяржаваў сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
Раніцай 20 чэрвеня апазыцыйныя партыі блякавалі залю пасяджэньняў заканадаўчага органу, пасьля чаго міжпарлямэнцкая асамблея спыніла працу. Пасьля апазыцыйныя актывісты атачылі гатэль, дзе жылі расіейскія дэпутаты, але мясцовая паліцыя здолела іх эвакуаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Грузіі на інаўгурацыі нагадала пра сваіх продкаў, выгнаных у выніку «ўварваньня расейскай арміі»