Ня стала Алега Радзюка — патрыёта, былога спартоўца, вытворцы амуніцыі ў нацыянальным стылі для адзінаборстваў.
«Дзядьку Алегу», як называлі яго сябры, было 55 гадоў, апошнім часам ён змагаўся з ракам скуры.
«Здарылася страшэннае гора: памёр вельмі добры чалавек, мой сябра, „дзядзька“ Алег Радзюк, — адгукнуўся на бяду Юрась Булат, шматразовы чэмпіён сьвету ў тай-боксе, трэнэр школы Bulat і сталы кліент майстэрні ALEH. — Ён быў вельмі моцным, аптымістычным, праўдзівым Беларусам, патрыётам і сынам сваей Бацькаўшчыны. Чалавек са сваім поглядам на рэчы, таму яго думкі часта адрозьніваліся ад электаратнай большасьці. Вельмі шчыры, добры, інтэлегентны і шляхетны. Дзядзька Алег быў хворы на рак і доўгі час змагаўся з хваробай, як сапраўдны ваяр».
Алег Радзюк нарадзіўся ў Менску ў 1963 годзе. Пасьля школы паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут, дзе працягнуў дзіцячае захапленьне адзінаборствамі: спачатку займаўся каратэ, потым пераключыўся на бокс.
Працаваў электрыкам, інжынэрам-наладчыкам, падключаў новыя заводы ў Казахстане, Літве, ва Ўкраіне. На пачатку 1990-х кінуў дзяржаўную службу і разам зь сябрамі-спартоўцамі пачаў шыць амуніцыю для двубояў, якой заўсёды бракавала ў вольным доступе. Прадукцыя вядомая пад гандлёвай маркай ALEH.
З жонкай Ірынай маюць дваіх дзяцей: сын скончыў БДУІР, вывучаў япаністыку ў Варшаўскім унівэрсытэце і цяпер у Японіі, дачка пасьля Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа прадоўжыла адукацыю ў варшаўскай Гандлёвай школе.
У байцоўскай амуніцыі з тутэйшым лягатыпам трэнуюцца і б’юцца адзінаборцы, уганараваныя на спаборніцтвах самага высокага рангу. Выраб абутку, пальчатак, масак, бандажоў, панцыраў, лапаў, шчытоў, грушаў ды іншых тавараў для двубою Алег Радзюк наладзіў амаль тры дзясяткі гадоў. Уся прадукцыя ручной работы, інфармацыйнае суправаджэньне беларускамоўнае.
Ягоная майстэрня — гэта спалучэньне швейных машынак, скураных «паўфабрыкатаў» і гатовых вырабаў. Антураж, адпаведны стылістыцы продкаў-ваяроў: партрэты выдатных беларускіх дзеячаў, бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алег Радзюк — майстар, які экіпіруе беларускіх чэмпіёнаўНягледзячы на занятасьць у хатняй майстэрні (браў замовы літаральна да апошняга дня), не цураўся грамадзкага жыцьця: падтрымліваў талаку ў Курапатах, выходзіў на шэсьці на Дзяды ды Дзень Волі, а на важных культурніцкіх імпрэзах яго можна было сустрэць як «сэк’юрыты ў вышыванцы». А калі на менскіх вуліцах зьяўляўся матацыкліст у шлеме з «Пагоняй», можна было не сумнявацца, што гэта Алег Радзюк.
У сваім апошнім інтэрвію Свабодзе ён так адказаў на пытаньне, чаму менавіта ў адзінаборствах ці не найбольш нацыянальна сьвядомых беларусаў? Гэта і Юрась Булат, і ягоны выхаванец Зьміцер Варац, і Віталь Гуркоў, і Зьміцер Валент ды іншыя хлопцы.
«Адказ просты — яны больш вольныя. Бо ўсе гэтыя футбалісты ды хакеісты залежныя ад шматлікіх куратараў. А ў нашым выпадку хлопцы ўсе свае праблемы і задачы вырашаюць самі, асабліва не разьлічваючы на дапамогу чынавенства. Я не выключаю, што ў нашых іншых структурах — у войску, у міліцыі, у цывільных установах — у адзін дзень перайшлі б на ўсё нашае (мова, сьцяг і г.д.). Але ўсе яны залежныя, чакаюць адпаведнай каманды. У адзінаборствах людзі свабодныя. Зрэшты, як і сам занятак — спорт моцных і мужных», — падсумаваў ён.
Алег Радзюк быў сябрам Беларускага народнага фронту ад першых гадоў яго заснаваньня. Вывучаючы архівы, дазнаўся, што сваякі ў сталінскія часы зазналі рэпрэсіі — былі высланыя ў Казахстан і на Калыму. Менавіта таму Курапаты ў ягоным жыцьці мелі такое важнае значэньне.
Дзядзьку Алега паважалі футбольныя фанаты, якія, даведаўшыся пра цяжкую хваробу, скінуліся на лячэньне. Ён сам у свой час шмат дапамагаў фінансава менскаму «Тарпэда», калі тое было на мяжы зьнікненьня. За што адміністрацыя і футбалісты падчас пазалеташняга сьвяткаваньня 70-гадовага юбілею клюбу выказалі яму асабістую падзяку.
Алег Радзюк, у сваю чаргу, арганізаваў збор сродкаў фігурантам справы «Белага легіёну», зь чальцамі якога ён быў блізкі ў пачатку 1990-х.