Сябры, калегі і чытачы Васіля Быкава ўсклалі кветкі на ягоную магілу на Ўсходніх могілках Менску. Сёньня споўнілася 95 гадоў з дня нараджэньня народнага пісьменьніка.
Да помніка-валуна, прывезенага на магілу беларускага клясыка зь Фінляндыі, людзі ўсклалі ўлюбёныя кветкі Быкава — валошкі. А таксама бела-чырвон-белыя ружы, гвазьдзікі і рамонкі.
Старшыня Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч прынёс на могілкі толькі што выдадзеную другую кнігу 10-га тома збору твораў клясыка.
«Мы да юбілею выдалі другую кнігу 10-га тома збору твораў. Неўзабаве выйдзе і трэцяя кніга 10-га тома. Думалі абмежавацца 14-томнікам, але не атрымліваецца, не разьлічылі некалі, што спадчына Быкава значна-значна большая», — сказаў Пятровіч.
Барыс Пятровіч таксама паведаміў, што ва Ўкраіне ў выдавецтве «Знання» да 95-годзьдзя Быкава выйшла тры ягоныя кнігі — «Альпійская баляда», «Знак бяды» і «Мёртвым не баліць», дзе згадваецца Кіраваградчына, дзе Быкаў фактычна быў пахаваны першы раз.
Барыс Пятровіч выказаў шкадаваньне, што ў гарадах, дзе Быкаў жыў — Ушачах, Віцебску, Горадні, Менску — дагэтуль няма ні помніка, ні вуліцы яго імя:
«Грэшным словам скажу: можа, і добра, што няма, бо назвалі б вуліцу недзе на ўскрайку, а потым давялося б пераназываць. Лепш хай пры гэтай уладзе пакуль ня будзе вуліцы, а пры іншай цэнтральны праспэкт назавуць ягоным імем».
«Помнікі будзе ставіць народ, і вуліцы будзе называць народ», — сказаў Барыс Пятровіч.
Сябар Васіля Быкава паэт Сяргей Законьнікаў нагадаў, што ў 1990-я гады была негалосная забарона на друкаваньне твораў Васіля Быкава, і друкаваліся яны толькі ў часопісе «Полымя», галоўным рэдактарам якога ён быў.
«Працуючы ў аддзеле культуры ЦК КПБ, мне давялося ўступаць у палеміку з многімі нашымі цэнзарскімі структурамі, ажно да Галоўліта СССР. А калі я ўзначаліў „Полымя“, у мяне была ўжо падтрымка самога Быкава. За гэтыя гады мы надрукавалі ўсё, што выйшла з-пад ягонага пяра.
У яго ёсьць тры рэчы: праўда, правільны выбар у жыцьці і адстойваньне ўсіх прынцыпаў прыстойнасьці. І пасьля Быкава нельга было ўжо пісаць, як пісалі раней Георгі Маркаў ды іншыя. У гэтым ягоная найвялікшая заслуга для літаратуры», — падкрэсьліў Сяргей Законьнікаў.
Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Сяргей Навумчык заявіў, што для ўсёй фракцыі БНФ у парлямэнце на чале зь Зянонам Пазьняком Васіль Быкаў быў непарушным аўтарытэтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правілы жыцьця Васіля Быкава ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Апошняя міласьць жыцьця». 7 твораў Васіля Быкава пра сэнс і нонсэнс сьмерці