Пуцін прызначыў унука «містэра Не» паслом у Малі

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у панядзелак прызначыў Ігара Грамыку новым надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам Расеі ў Рэспубліцы Малі. Указ апублікаваны на расейскім інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.

Ігар Грамыка — унук старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР і міністра замежных спраў СССР, беларуса паводле паходжаньня Андрэя Грамыкі. У часы Халоднай вайны Андрэй Грамыка атрымаў спачатку ў заходнім дыпляматычным асяродку, а потым у прэсе мянушку «містэр Не», бо СССР часта выкарыстоўвала права вэта ў Радзе бясьпекі ААН.

З 2009 па 2014 год Ігар Грамыка быў сталым прадстаўніком Расеі пры статутных і іншых органах СНД у Менску. Ягоны брат — Аляксей Грамыка — мае пасаду дырэктара Інстытуту Эўропы Расейскай акадэміі навук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксей Грамыка: «Трагедыя — калі прымушаюць выбіраць»