Польшча разьмесьціць амэрыканскіх вайскоўцаў каля мяжы зь Беларусьсю

Ілюстрацыйнае фота. Амэрыканскія салдаты ў Польшчы, 2017 год

Польшча зьбіраецца разьмясьціць амэрыканскія войскі як мінімум у шасьці пунктах краіны. NATO хоча ўмацаваць свой усходні флянг, а значыць, і ўсходнюю частку Польшчы, якая мяжуе зь Беларусьсю.

Пра гэта паведаміў міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак.

Дакладныя месцы дысьлякацыі падразьдзяленьняў пакуль не называюцца, вядуцца перамовы.

— У пагадненьні ёсьць пункт, у якім гаворыцца, што месцы дысьлякацыі будуць вызначаныя па згодзе абодвух бакоў, мы будзем прымаць сумеснае рашэньне. Важна ўмацаваць усходні флянг NATO, а значыць, і ўсходнюю частку нашай краіны, — сказаў Блашчак, перадае wiadomosci.onet.pl.

Паводле міністра, прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у Польшчы будзе стрымліваць магчымага агрэсара.

— Магчымы захопнік ведае, што парушэньне польскіх межаў азначае не лякальны, а глябальны канфлікт. Прысутнасьць амэрыканскіх войскаў служыць гарантыяй бясьпекі таму, што напад на Польшчу — гэта напад на ўвесь альянс NATO. Гэта? несумненна? адпуджвае, — сказаў Блашчак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША зьбіраюцца адправіць у Польшчу яшчэ 2 тысячы вайскоўцаў

У Польшчы створаць дывізіённае камандаваньне: яму будуць падпарадкоўвацца войскі ЗША на ўсходнім флянгу NATO. Блашчак заявіў, што пагадненьне аб вайсковым супрацоўніцтве, падпісанае прэзыдэнтамі Анджэем Дудам і Дональдам Трампам, зьмяніла характар амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў Польшчы. Яно прадугледжвае сталую прысутнасьць амэрыканскіх салдат на тэрыторыі краіны. Цяпер у Польшчы знаходзяцца 4,5 тысячы амэрыканскіх салдат. Згодна з новай дамовай іх колькасьць павялічыцца яшчэ на тысячу.

Польшча сама ініцыявала разьмяшчэньне амэрыканскай вайсковай базы на сваёй тэрыторыі для «стрымліваньня небясьпечнай стратэгіі Расеі». Улады таксама заявілі пра гатоўнасьць выдзеліць на ўладкаваньне базы 2 млрд даляраў.

У Расеі заявілі пра гатоўнасьць адказаць на пашырэньне амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў Польшчы.