Усясьветны ядзерны арсэнал зьмяншаецца, але далейшаму раззбраеньню перашкаджае спрэчка ЗША і Расеі

Міжкантынэнтальная балістычная ракета «Сармат» у Расеі, ілюстрацыйнае фота

У 2018 годзе колькасьць ядзернай зброі, якой валодаюць усясьветныя дзяржавы, скарацілася, але пэрспэктывы далейшых скарачэньняў выглядаюць няпэўнымі з прычыны «палітычных і вайсковых рознагалосьсяў» паміж Масквой і Вашынгтонам, адзначае ўплывовая дасьледчая група.

Стакгольмскі інстытут дасьледаваньня праблемаў міру (SIPRI) у сваім штогадовым дакладзе, апублікаваным 17 чэрвеня, піша, што на пачатку 2019 году Расея, ЗША і сем іншых краін мелі 13 865 адзінак ядзернай зброі.

Паводле SIPRI, гэта «прыкметнае зьніжэньне» ў параўнаньні з 14 465 — ацэнкай на пачатак 2018 году.

90 працэнтаў ядзерных боегаловак у ЗША і Расеі

Зьніжэньне «зьвязанае галоўным чынам з далейшым скарачэньнем стратэгічных ядзерных сіл Расеяй і ЗША, на якія разам па-ранейшаму прыпадае больш за 90 адсоткаў усіх ядзерных узбраеньняў», за кошт рэалізацыі так званай Дамовы СНВ-3, а таксама аднабаковага скарачэньня.

Аднак, адзначаюць дасьледчыкі, СНВ-3 перастане дзейнічаць у 2021 годзе, калі абодва бакі не пагодзяцца яго працягнуць.

«Цяпер няма ніякіх дыскусій ні аб працягненьні СНВ-3, ні аб перамовах пра новую дамову», — кажа Шэнан Кайл (Shannon Kile), дырэктар Праграмы SIPRI па ядзерным раззбраеньні, кантролі над узбраеньнямі і нераспаўсюджваньні.

«Пэрспэктывы працягу перамоваў аб скарачэньні ядзерных сіл Расеі і ЗША выглядаюць усё менш верагоднымі ў сувязі з палітычнымі і вайсковымі рознагалосьсямі паміж дзьвюма краінамі», — дадае ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША западозрылі Расею ў выпрабаваньнях ядзернай зброі

Спрэчка Масквы і Вашынгтона

У траўні намесьнік дзяржсакратара ЗША па пытаньнях кантролю над узбраеньнямі Андрэа Томпсан заявіў сэнацкай камісіі, што «адміністрацыя не прыняла ніякіх рашэньняў аб магчымым працягу дзеяньня СНВ-3».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 6 чэрвеня на сустрэчы з кіраўнікамі міжнародных інфармацыйных агенцтваў у Санкт-Пецярбургу заявіў, што Вашынгтон не жадае пачынаць перамовы аб тым, каб працягнуць пагадненьне.

«Ну можна не працягваць. У нас найноўшыя сыстэмы такія, што гарантавана забясьпечаць бясьпеку Расеі на дастаткова працяглую гістарычную пэрспэктыву», — сказаў Пуцін. «Калі ніхто ня мае жаданьня працягнуць пагадненьне START, мы гэтага рабіць ня будзем».

Пакт, падпісаны ў Празе ў 2010 годзе, прадугледжваў абмежаваньне колькасьці стратэгічных ядзерных боегаловак, разгорнутых любой краінай, на ўзроўні 1550. Гэта было зьніжэньне амаль на дзьве траціны ў параўнаньні зь верхняй мяжой 6000 боегаловак у першапачатковай дамове СНВ-1, якая дзейнічала з 1994 да 2009 году.

Масква і Вашынгтон ня маюць згоды і наконт двухбаковай Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці 1987 году, якая скасавала цэлы кляс ракет.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі дыплямат заявіў, што ЗША нібы «рыхтуюцца ўжыць ядзерную зброю ў Эўропе»

У лютым Злучаныя Штаты прыпынілі ўдзел у гэтым пагадненьні, калі Вашынгтон і ягоныя саюзьнікі абвінавацілі Расею ў разгортваньні ракетнай сыстэмы, якая яго парушае.

Расея, не прызнаўшы гэтага абвінавачаньня, пазьней зрабіла гэтаксама. Масква абвінавачвае ЗША, што тыя самі парушылі пагадненьне. Вашынгтон гэта адмаўляе.

У сваім дакладзе SIPRI адзначыла, што Расея і Злучаныя Штаты працягваюць «шырокамаштабныя і затратныя» намаганьні па замене і мадэрнізацыі сваіх ядзерных боегаловак, сыстэм дастаўкі ракетамі і самалётамі, а таксама заводаў ядзернай зброі.

У 2018 годзе Злучаныя Штаты склалі пляны распрацоўкі новай ядзернай зброі і мадыфікацыі іншых узбраеньняў.

Хто яшчэ мае ядзерную зброю

Поруч з ЗША і Расеяй SIPRI назвала іншыя краіны, якія маюць ядзерную зброю. Гэта Брытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Ізраіль і Паўночная Карэя.

«Кітай, Індыя і Пакістан нарошчваюць памеры ядзерных арсэналаў. Індыя і Пакістан павялічваюць патэнцыял вытворчасьці расшчапляльных матэрыялаў у такіх маштабах, якія могуць прывесьці да істотнага росту (арсэналаў)», — сказаў ён.

У справаздачы гаворыцца таксама, што Паўночная Карэя па-ранейшаму разглядае сваю вайсковую ядзерную праграму «як цэнтральны элемэнт стратэгіі нацыянальнай бясьпекі».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын двойчы сустракаліся на адмысловых самітах, каб скласьці пагадненьне аб ядзернай праграме Пхэньяна, але прагрэс быў невялікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамоўны тупік: Паўночная Карэя не адмовіцца ад ядзернай зброі, пакуль саступак ня зробяць ЗША

SIPRI заяўляе, што з 13 865 адзінак ядзернай зброі, якой валодаюць дзевяць краін, 3750 разгорнутыя ў дзейных войсках, прычым каля 2000 зь іх — у стане высокай баявой гатоўнасьці.

Пры гэтым агаворваецца, што даступнасьць дакладнай інфармацыі пра стан ядзерных арсэналаў і магчымасьці ядзерных дзяржаў «істотна розьніцца».

«ЗША і Вялікая Брытанія раскрылі важную інфармацыю пра свае запасы і ядзерныя магчымасьці, Францыя таксама апублікавала некаторыя зьвесткі», — адзначае дасьледчая група.

SIPRI дадае, што Расея «не прадстаўляе грамадзкасьці дэталёвай разьбіўкі сіл, падлічаных у рамках новага СНВ, хоць і дзеліцца гэтай інфармацыяй з ЗША».

Паведамляецца, што ўрады Індыі і Пакістана «заяўляюць пра некаторыя ракетныя выпрабаваньні, але даюць мала інфармацыі пра стан і памер сваіх арсэналаў».

Паводле SIPRI, Паўночная Карэя і Ізраіль калі што і паведамляюць пра сваю ядзерную зброю, то вобмаль.