У вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну шосты дзень працягваюць галадоўку тры маці асуджаных за наркотыкі.
«Сёньня зноў прыяжджала "хуткая": бралі кроў на аналіз, вымяралі ціск. Чыноўнікаў не было. Нічога новага за суткі не адбылося. Магчыма таму, што выходны», — паведаміла БелаПАН удзельніца галадоўкі Ала Берналь. Паводле яе, маці ня маюць намеру спыняць акцыю пратэсту.
З галадоўніцамі падтрымліваюць сувязь і іншыя актывісткі ініцыятывы «Маці-328».
Удзельніцы галадоўкі патрабуюць:
- Сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам
- Гуманізацыі антынаркатычнага заканадаўства
- Перагляду спраў па 328-м артыкуле
- Прыбраць з закону паняцьце «асабліва небясьпечныя наркотыкі».
- Адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы.
- Роспуску Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу.
Галадоўку з аналягічнымі патрабаваньнямі актывісткі праводзілі летась у красавіку — траўні. Тую галадоўку яны спынілі пасьля таго, як ім паабяцалі, што Палата прадстаўнікоў разгледзіць зьмены ў 328-ы артыкул Крымінальнага кодэксу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папраўкі ў «наркатычны» артыкул Крымінальнага кодэксу прынялі ў другім чытаньніПалата прадстаўнікоў сёлета 13 чэрвеня прыняла папраўкі, паводле якіх ніжняя мяжа пакараньняў зьнізілася на два гады: да трох гадоў па 2-й частцы артыкулу і да шасьці гадоў па 3-й частцы.
«Маці-328» лічаць гэтыя зьмены недастатковымі.