У вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну працягваюць галадоўку тры маці асуджаных за наркотыкі.
«Сёньня да нас прыяжджалі мэдыкі, надоечы быў таксама старшыня сельсавету. Пагутарылі з намі», — расказала БелаПАН адна з удзельніц галадоўкі Ала Берналь.
З галадоўніцамі падтрымліваюць сувязь і іншыя актывісткі ініцыятывы «Маці-328».
«Адчуваецца, вядома, што пятыя суткі пайшлі, але ўвогуле мы трымаемся. Галадоўку спыняць ня маем намеру», — адзначыла актывістка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міліцыя фабрыкуе справы». Чаму «Маці 328» працягваюць галадоўку. ФОТАУдзельнікі галадоўкі патрабуюць
- Сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам
- Гуманізацыі антынаркатычнага заканадаўства
- Перагляду спраў па 328-м артыкуле
- Прыбраць з закону паняцьце «асабліва небясьпечныя наркотыкі».
- Адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы.
- Роспуску Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу.
Галадоўку з аналягічнымі патрабаваньнямі актывісткі праводзілі летась у красавіку — траўні. Тую галадоўку яны спынілі пасьля таго, як ім паабяцалі, што Палата прадстаўнікоў разгледзіць зьмены ў 328-ы артыкул Крымінальнага кодэксу.
Палата прадстаўнікоў сёлета 13 чэрвеня прыняла папраўкі, паводле якіх ніжняя мяжа пакараньняў зьнізілася на два гады: да трох гадоў па 2-й частцы артыкулу і да шасьці гадоў па 3-й частцы.
«Маці-328» лічаць гэтыя зьмены недастатковымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці-328» лічаць зьмены ў наркатычны артыкул КК недастатковымі і працягваюць галадоўкуПакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.