Ноччу 14 чэрвеня ў горадзенскім радзільным доме засілілася маладая парадзіха.
Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце сьмерці 27-гадовай жанчыны. Высьвятляюцца абставіны здарэньня. Пасьля заканчэньня праверкі таму, што адбылося, дадуць прававую ацэнку, паведамляецца ў афіцыйным тэлеграм-канале Сьледчага камітэту.
Жанчына павесілася ў сталоўцы свайго аддзяленьня на батарэі. Яе знайшла суседка па палаце каля трэцяй ночы. Яна ў гэты час супакойвала малую дачку загінулай. Калі маці доўга не вярталася ў палату, пайшла на ейныя пошукі.
«Мы ж усё чулі. Крыкі суседкі ноччу: "Памажыце, памажыце". Хоць ад нас стараліся па магчымасьці схаваць тое, што адбылося. Але як тут схаваеш?», — кажа адна з маладых маці, якая была ў гэты час у раддоме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лунінцы хлопчык выпаў з вакна дзіцячага садкуСуседку, якая знайшла цела, выпісалі раней за тэрмін, бо пасьля таго, што адбылося, ёй аказалася псыхалягічна складана знаходзіцца ў шпіталі даўжэй.
Парадзіхі з аддзяленьня кажуць, што нябожчыца была досыць закрытай, ні з кім у аддзяленьні асабліва не размаўляла.
«Прычын ніхто ня ведае», — кажуць жанчыны.
Паводле інфармацыі парталу Tut.by, жанчына нарадзіла здаровую дзяўчынку 6 чэрвеня. Блізкія нябожчыцы кажуць, што дачка была чаканай. Раней пара згубіла нованароджанае дзіця. Жанчына працавала бухгальтаркай у адной з горадзенскіх школаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Берасьцейшчыне затрымалі падазраванага ў пэдафіліі