За сінія валасы менскай школьніцы не далі граматы і не прынялі дакумэнты ў 10-ю клясу?

Школьніца Паліна

У Паліны сярэдні бал 7,5. Паводзіны, па ейных словах, добрыя. Каб перавесьці ў наступную клясу, дзяўчыну запрасілі прыйсьці на гутарку да дырэктара разам з бацькамі.

Паліна сёлета скончыла 9 клясаў 33-й гімназіі Менску. 10 чэрвеня дзяўчына пайшла на выпускную лінейку, дзе многім вучням разам з атэстатам уручалі падзякі і граматы за добрую вучобу, паводзіны і актыўны ўдзел у жыцьці школы. Ёй жа грамату не ўручылі.

Паліна

Грамату не далі, бо пафарбавала валасы?

«Я пайшла на лінейку, там усім вучням пачалі ўручаць граматы і падзякі. Я выйшла з усім клясам, усіх пачалі выклікаць да завуча, там жа давалі і граматы. Іх уручалі амаль усім. Тым хто ня ўдзельнічаў у мерапрыемствах, тым, хто не пасьпяваў па вучобе. Пасьля пайшла я, мне проста далі пасьведчаньне. Я намякнула: дзе мая грамата? Мне нічога не патлумачылі», — кажа Паліна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вучні менскай 23-й гімназіі знайшлі сябе ў падробленым сьпісе сяброў БРСМ

Больш за тое, па словах Паліны, у яе ўзьніклі праблемы зь пераводам у 10-ю клясу гімназіі. У яе не захацелі прымаць заяву на перавод.

«Клясная сказала, што ў яе загружаны тыдзень, што дакумэнты можна падаць у жніўні. А на наступны дзень яна напісала для ўсіх у Viber, што ўсе, у каго сярэдні бал 7 і вышэй, тэрмінова мусяць напісаць заяву на перавод у 10 кляс і прынесьці пасьведчаньне. У Паліны 7,5 бала», — кажа Палініна маці Ірына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як скончыла школу Ялінка Салаўёва, якая адна ў Магілёве вучылася па-беларуску

Перавод у 10 кляс — толькі пасьля гутаркі з дырэктарам

У Паліны, аднак, пасьведчаньне і заяву на перавод у 10 кляс не прынялі. І папрасілі прыйсьці з бацькамі да дырэктара, бо ў яе «іншая сытуацыя». Колер яе валасоў нібыта не адпавядае дзелавому стылю, які прадугледжаны ў школе. Па словах маці, зь ёй і Палінай хочуць правесьці гутарку і толькі тады прымуць заяву.

«Мне сказалі, што я мушу ісьці да дырэктара з дачкой і пісаць заяву, каб прынялі ў 10 кляс, і што будзе праводзіцца прафіляктычная гутарка з дырэктарам, відаць, праз зьнешні выгляд», — сказала Палініна маці.

Па словах Паліны, грамату за вучобу, акрамя яе, не ўручылі яшчэ аднаму хлопчыку, усе астатнія вучні кляса іх атрымалі. І фатаздымак яшчэ адной школьніцы, у якой былі кароткія валасы, выразалі з выпускнога альбома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія настаўнікі страйкуюць. Іх заробкі ў разы большыя, чым у Беларусі

«У яе не выдатны атэстат»

У 33-й менскай гімназіі Свабодзе сказалі, што граматы атрымалі ня ўсе, а ў Паліны ў атэстаце былі шасьцёркі.

«Мы граматы даём не за колер валасоў, а за веды. Мы даём граматы тым, хто ўдзельнічаў у алімпіядным руху, а яна ня вучыцца на 9–10, у яе не выдатны атэстат. Мы даём толькі тым, хто заслугоўвае. Зьнешні выгляд тут ні пры чым, як і колер валасоў», — сказала намесьніца кіраўніка гімназіі па вучэбнай працы Алена Саргсян.

На пытаньне, колькі канкрэтна дзяцей з усяго кляса атрымалі граматы, у гімназіі адказваць адмовіліся. Адказалі каротка: «Мы ўжо сказалі, атрымалі тыя, хто заслугоўвае, не замінайце працаваць».