МУС Расеі пачало выдаваць расейскія пашпарты жыхарам сэпаратысцкіх рэспублік на Ўсходзе Ўкраіны. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы, блізкія да Міністэрства ўнутраных спраў.
Паводле выданьня, выдача пашпартоў ажыцьцяўляецца ў двух часовых пунктах пропуску на расейска-украінскай мяжы. Пакуль невядома, пра якія менавіта пункты пропуску ідзе гаворка.
На дадзены момант ухвалена больш за тысячу заявак на грамадзянства ад жыхароў так званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік, распавялі суразмоўцы РБК. Пры гэтым пра выдачу пашпартоў нібыта папрасілі ўжо 12 тысяч чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі «ДНР» і «ЛНР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў абвяшчае несапраўднымі выдадзеныя ўкраінцам пашпарты РФКіраўнік міграцыйнай службы «ДНР» Уладзімір Краснашчока заявіў, што кіраўніцтва самаабвешчанай рэспублікі будзе «практычна штодня» арганізоўваць транспарт людзей у Расею для атрыманьня грамадзянства. У пятніцу гэтым нібыта скарысталіся ўжо 34 жыхара, а ўсяго на чарзе, па словах Краснашчокі, стаяць больш за 8 тысяч чалавек.
- Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 24 красавіка падпісаў указ, які спрасьціў працэдуру прадстаўленьня расейскага грамадзянства жыхарам «ДНР» і «ЛНР». Згодна з афіцыйнай пазыцыяй Крамля, пашпарты выдаюцца ў гуманітарных мэтах і для абароны правоў чалавека.
- Урад Украіны прызнаў незаконнымі расейскія пашпарты, якія будуць выдадзеныя жыхарам Данецкай і Луганскай абласьцей. У сваю чаргу Эўразьвяз зьбіраецца прызнаць несапраўднымі дакумэнты, выдадзеныя паводле новай, спрошчанай працэдуры. Старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск заявіў, што рашэньне Расеі супярэчаць менскім пагадненьням.